Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 11

Кастусь Тарасаў

3

Непрыкметна падышоў месяц квецень з яркім россыпам дзьмухаўцу па абноўленай посцілцы зямлі. Спакойна жыў Полацак, не ведаючы пра новае бедства. Пеўні сваёй пераклічкай абрывалі начныя пяшчоты і сны, услед іхным спевам пачыналі курыцца дымамі хаты, каровы выходзілі з двароў, і вялікі статак гналі на выпас; на беразе Дзвіны смалілі лодкі; зямля падсыхала, рыхтуючыся прыняць зерне...

Блізіўся прызначаны час і для Рагнеды; ужо глядзелі на яе як на кіяўлянку, не сваю; ужо пры сустрэчах старыя цёткі і бабы казалі ёй развітальнымі галасамі: хутка табе ад нас, апошнія дні на бацькаўшчыне, на роднай зямлі. І Рута прыплаківала, сумуючы аб непазбежным расстанні. Рагнеда супакойвала сяброўку абяцаннем узяць яе з сабой. Яна скажа Яраполку, каб залічыў Руцінага мужа ў сваю дружыну, і будзе Рута жыць у Кіеве паблізу княжага двара - кожны дзень будуць бачыцца, як і раней. Тут на крылах уяўлення пераносілася Рагнеда ў невядомы палянскі горад і казала сяброўцы пра блізкую будучыню - іх сумесныя вандроўкі ўздоўж Дняпра, цішыню ракі, смех іхных дзетак, зімовыя вячоркі, калі ўсе будуць прасці, а які-небудзь стары лірнік будзе спяваць пра даўнія дні і славутых людзей. Рута слухала, верыла, і абедзве яны грэліся гэтымі простымі летуценнямі...

Іншым днём хадзіла Рагнеда ўздоўж Палаты, назіраючы ціхі бег ракі па апушанаму аерам рэчышчу, - заварожваў яе гэты рух вады ў невядомасць, не цярпелася і самой вырушыць у дарогу. Праплывала якая-небудзь зламаная навальніцай галінка, і Рагнеда праводзіла яе вачыма, бачачы і сябе ў лодцы ва ўсё новых і прыгожых мясцінах... Аднойчы з'явіўся ёй у рацэ дзіўны, уразіўшы яе прывід. Яна стаяла на беразе: рачная плынь мякка калыхала водарасці; раптам ёй здалося, што Палата нясе шырокія крывавыя струмяні і нейкіх людзей. Яна зірнула - ні людзей, ні крыві. Яна ўгледзелася - і ўбачыла глыбока ў вадзе трох бабуль аднолькавай знешнасці, але і непадобных: першая неяк хітравата ўсміхалася, другая нібыта плакала, а твар трэцяй быў па-мёртваму беспачуццёвы. Кароткі міг прастаялі старыя перад Рагнедай і растварыліся ў вадзе да ранейшай нябачнасці. Знік прывід і быццам уцягнуў за сабой з душы радасць. З таго дня прыйшла да Рагнеды трывога, нейкая вялікая небяспека адчулася ёй наперадзе. Нават у снах асаджалася на сэрцы тужлівая горыч. Той светлы юначы вобраз, што раней хваляваў, цяпер набыў непрыемную грубасць, звузіліся да памераў звычайнай клеці жаданыя Яраполкавы пакоі; паветра згусцілася да духаты, як перад залевай, і таямнічымі бедствамі пужаў ад'езд у незнаёмы горад пад волю ніколі не бачанага чалавека. «Цесната чакае мяне, страшна мне», - скардзілася яна маці, а тая адказвала: «Ах, дачушка, так і мусіць быць, нездарма ж перад вяселлем дзяўчына плача». І разбытая, з прыкметнай ужо цяжарнасцю, Рута згадвала, што таксама страшылася ў апошні месяц дзявоцтва. А цяпер - іншыя страхі. Так заведзена. «Не, - пярэчыла Рагнеда, - я чую: гэта няшчасце!» - «І я так думала, - усміхалася Рута, - а ўсё інакш пайшло»...