Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 10

Кастусь Тарасаў

Князь утаропіўся на сыноў цяжкім праніклівым позіркам, і браты застылі, баючыся нейкага нечаканага жорсткага рашэння.

- Як жа быць? - спытаў Рагвалод. Сыны маўчалі, гатовыя па першаму дазволу паклясціся ў вечнай дружбе.

- Не кляніцеся! - апярэдзіў іх бацька. - Клятва - хлусня! Дзе клятва - там ужо недавер. Не ў словах вашых рашэнне: сілай прагу ніхто не адолее. Марыць трэба не аб сабе і не аб сваёй славе. Падумайце пра гэта! - і ён стомлена махнуў ім ісці.

Апынуўшыся на двары, браты здзіўлена пераглянуліся. Сумнаю здалася ім бацькоўская апаска; на хвіліну абодва задумаліся пра змрочную засцярогу, і тут думкі іх страцілі падабенства. Старэйшы падумаў: бацька праўду сказаў; што добрага будзе, калі мы пачнём спрэчкі? - абодва знядужаем. Малодшы ж падумаў: відаць, лёс мне такі - усё жыццё лічыцца малодшым, ззаду брата хадзіць. Можа, так і трэба, а можа, і не. Мільганулі ў кожнага нейкія ўяўленні наступных гадоў, калі абарвецца іх сённяшняя роўнасць, але далёка тое будзе, не прыйшоў яшчэ для іх час крыўдзіць і крыўдаваць. Браты ўсміхнуліся, абняліся і паспяшаліся да сястры, каб пасядзець разам з яе дзеўкамі і сяброўкамі...

Праз месяц пасля ноўгарадскіх сватоў спаўзла на Полацак пошасць, нібы ноўгарадцы яе і паслалі: за некалькі дзён вымерлі два дзесяткі двароў; таму вырашылі прынесці патрэбныя ахвяры багіні смерці. За гарадской сцяной у полі вешчуны зрабілі відарыс Ягі даўжынёй у сорак крокаў з раскінутымі сквапнымі рукамі, старэчымі грудзямі, утапталі пасярэдзіне снег, нанеслі галля, смалістых плахаў, зверху пластом паклалі мерцвякоў, а потым доўга рэзалі курэй і авечак, ахвяраваных кожным дваром, і аблівалі мерцвякоў жывою крывёй. Кроў - душа існага; барвовымі струменьчыкамі выцякала яна з перарэзаных горлаў, і абяскроўленыя тушкі клаліся на акрываўленых мерцвякоў, аддаючы ім сваё апошняе цяпло... Раптам вогнішча ўспыхнула, забуркатала, заклубілася густым чорным дымам; пацягнула паленым мясам, скрозь трэск смалы і шолах агню пачулася сквапнае чвяканне і сапенне - гэта багіня пачала жэрці сваю спажыву...

Рагнеда, тулячыся да маці, заварожана шукала ў чорных клубах вогнішча страшнае аблічча бязлітаснай да ўсяго жывога старой. Раптам успыхваў іскрамі шалёны позірк, і Рагнеда адчувала тады беглы дотык ледзяных кастлявых пальцаў - знак невядомасці, у якой праходзяць жыцці. Сэрца на міг абмірала, а потым білася з падвоенай сілай, нібы насуперак адчутаму страху...

Адстаялі палачане ля змрочнага вогнішча, акурыліся цяжкім, смуродным ахвярным дымам - і скончылася пошасць, злітасцівілася Яга, адляцела выкошваць народ у другой мясцовасці дзеля паўсюднай роўнасці перад смерцю...