Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 133

Апулей

Вось вялiкае Сонца, прайшоўшы ўвесь круг Задыяка, ужо закончыла свой гадавы шлях, як раптам нядрэмны клопат дабрадзейнага боства зноў перарывае мой супакой, зноў напамiнае мне аб пасвячаннi, зноў аб таямнiцах. Я вельмi здзiвiўся: у чым справа? што прадказваюць словы багiнi? Ды як жа не дзiвiцца? Я ж лiчыў сябе даўно пасвячоным.

27. Пакуль я разбiраў сваiм розумам гэтыя рэлiгiйныя сумненнi, часткова асуджаючы служыцеляў святынi, пазнаю зусiм нечаканую для сябе навiну, што я быў пасвячоны толькi ў таямнiцы багiнi, а вось з абрадамi непераможнага Азiрыса, вялiкага i вярхоўнага бацькi багоў, азнаёмлены нiколi не быў. I хоць сутнасцi гэтых багоў i iх вучэнняў цесна з сабой сутыкаюцца i нават тоесныя, але ў пасвячэннях захоўваецца велiчэзная рознiца. Дзеля гэтага я павiнен зразумець, што мне трэба стаць служыцелем гэтага вялiкага бога. У няясным становiшчы справа заставалася не доўга. Блiжэйшай ноччу ўбачыў я нейкага жраца ў палатняным адзеннi. У яго ў руках былi тырсы, плюшч i яшчэ нешта, чаго не маю права называць. Усё гэта ён кладзе перада мной, а сам, заняўшы маё сядзенне, загадвае мне падрыхтаваць багаты пачастунак. I для таго, каб я мог яго лепш пазнаць, ён выдзяляецца адной асаблiвасцю, а менавiта, левая яго пята была крыху выкрыўлена, дык у час хады ў яго кроках заўважалася лёгкая няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волi ўсякi цень неакрэсленасцi знiк, i я зразумеў, у чым справа, i адразу пасля ранiшнiх малiтваў багiнi пачаў уважлiва назiраць за кожным жрацом, цi няма ў яго такой паходкi, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькi паходка, але на дадатак i стан, i знешнасць якраз супадалi з маёй начной з'явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азiнiем Марцэлам, i гэта iмя не было чужым у маiх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзiць i падышоў да яго, а ён i сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку i даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямнiцы. Перад гэтым яму прыснiлася ўночы, што, калi ён ускладаў вянкi на статую вялiкага бога, з яго вуснаў, якiя прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмi бедны, над якiм трэба неадкладна правесцi свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волi i пасвячоны праславiцца сваiмi подзвiгамi, i пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.

28. Прызначаны такiм чынам для боскага пасвячэння, я марудзiў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнiя рэшткi маёй спадчыны разышлiся на падарожжа, ды i сталiчныя выдаткi значна перавышалi расходы тых дзён, калi я жыў у правiнцыi. У сувязi з тым, што на маiм шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялi, дык я апынуўся, паводле прыказкi, "памiж молатам i кавадлам". Усё часцей i часцей пабуджаны боствам, я трацiў супакой, урэшце намовы перайшлi ў загады. Тады я, распрадаўшы даволi сцiплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. "Няўжо ты, — было мне сказана, — пашкадаваў бы сваёй адзежы, калi б справа датычыла якiх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такiх цырымонiй, ты не адважваешся застацца ў беднасцi, у якой раскайвацца не будзеш?"