Читать «Выратавальная шхуна» онлайн - страница 3

Джэк Лондан

— Спыніць! — крыкнуў шкіпер рулявому; голас яго зусім перамяніўся. Потым ён аддаў загады камандзе.

Неўзабаве «Мэры Томас» сьцішыла ход.

Крэйсэр падышоў бліжэй і спусьціў шлюпку. Паляўнічыя за цюленямі глядзелі на ўсё гэта з жудасным маўчаньнем. Яны маглі бачыць белыя контуры шлюпкі, што павольна спускалася на ваду. Убачылі і людзей у шлюпцы, а потым да іх вушэй даляцела каманда афіцэраў. Шлюпка рванулася наперад і накіраваліся да іх. Падплыўшы блізка, афіцэр і два матросы па спушчанай вяроўцы ўзьлезьлі на судно. Потым шлюпка адплылася далей, — туды, дзе вада была спакайнейшая; вёслы былі ўзьняты над вадою, а на карме, каля руля, застаўся малады мічман.

Афіцэр спусьціўся ўніз са шкіперам «Мэры Томас», каб праверыць дакуманты. Праз некалькі хвілін ён вышаў на палубу. Яго матросы ўжо зьнялі брэзэнт з люку, і ён з ліхтаром спусьціўся ў трум, каб паглядзець на засоленыя шкуры. Перад яго вачыма ляжаў някепскі запас: паўтары тысячы сьвежых шкур — здабыча гэтага плаваньня; і, прымаючы ўсё пад увагу, ён мог зрабіць толькі адно заключэньне.

Вярнуўшыся на палубу, ён загаварыў на сапсутай ангельскай мове да шкіпера шхуны.

— Я вельмі шкадую, але мой абавязак патрабуе, каб я арыштаваў, імем цара, ваша судно, як захопленае ў забароненай вадзе са сьвежымі шкурамі. Вам павінна быць вядома, што гэта вас чакае турма.

Капітан «Мэры Томас» паціснуў плячыма, прыкінуўшыся зусім спакойным. Хоць такія мужныя людзі і ўмеюць хаваць свае пачуцьці, але дарэмная напасьць іншы раз можа давесьці іх траха не да сьлёз. А цяпер перад яго вачыма ўсплыло: маленькі домік у Каліфорніі, жонка і два бялявыя хлапчукі; нейкі дзіўны клубок вырас у горле, і яму стала страшна. Калі-б толькі ён паспрабаваў загаварыць, дык расплакаўся-б.

А на ім-жа была адказнасьць за ўсю каманду. Ён ня мог, не павінен быў паказаць сябе слабым, бо яго абавязак — быць цьвёрдым і мужным да канца, каб падтрымаць іх у бядзе. Ён ужо растлумачыў пра ўсё афіцэру і ведаў, што паратунку няма. Як сказаў «Морскі Законьнік», усе факты былі супроць іх. Капітан адвярнуўся і пачаў хадзіць узад і ўперад гіа шхуне, якою ён ужо не камандаваў.

Рускі афіцэр часова ўзяўся камандваць сам. Ён выклікаў на шхуну яшчэ некалькі сваіх матросаў і загадаў зьняць усе парусы. Калі гэта было зроблена, шлюпка падплыла да крэйсэра і вярнулася назад з цяжкою вяроўкаю; канец гэтай вяроўкі быў прывязаны за шхуну «Мэры Томас». Пакуль гэта рабілася, сумныя матросы стаялі групамі навокал. Нельга было і думаць пра вызваленьне, калі жаралы гарматаў былі так блізка, што ў іх можна было папасьці сухаром. Але памагаць яны адмаўляліся, а стаялі і маўчалі, як анямелыя. Скончыўшы з гэтаю работаю, афіцэр адаслаў сваіх матросаў назад у шлюпку, пакінуўшы толькі чацьвярых. Потым мічман — хлопчык гадоў шаснаццаці,—які выглядаў залішне дарослым і пажным у сваім мундзіры з корцікам, узьлез на борт, каб узяць каманду над захопленаю шхунаю. Перад самым адходам афіцэр выпадкова зірнуў на Буба. Ня кажучы ні слова, ён схапіў яго за руку і спусьціў цераз борт у лодку; потым махнуўшы на разьвітаньне рукою, накіраваўся і сам у лодку.