Читать «Выратавальная шхуна» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

— Няпраўда, Джэк, — сказаў «Морскі Законьнік». — Ён мае права пытацца, бо-ж яму пагражае страта пэнсіі, як і ўсім іншым.

— І трох пэнсаў за яго ня даў-бы, — фыркнуў у адказ Джэк. Ён спадзяваўся пасьля, калі атрымае пэнсію, паехаць дадому ў Чэльсі і пабачыцца з сям’ёю. Цяпер-жа пасьля такога здарэньня ўсе пляны маглі раскідацца, бо, як відаць з усяго, можна было чакаць страты ня толькі пэнсіі, але і волі. Таму матрос Джэк і быў такі злосны.

— Адкуль яны ведаюць, што мы не машэньнікі,—сказаў «Законьнік» у адказ на пытаньне Буба. — Мы тут у забароненай вадзе. Хіба ім вядома, што папалі сюды нехаця. Справа ў тым, што мы тут і на шхуне ў нас паўтары тысячы шкур. Адкуль ім ведаць, што мы іх здабылі ў іншым месцы, а ня тут. Разумееш, Буб, усе доказы супроць нас. Каб ты злавіў у сваім садзе чалавека, у якога кішэні напакаваны яблыкамі такімі-ж, якія растуць на тваіх яблынях, дык што-б ты падумаў? Ён-бы адмаўляўся, што нічога ня мог зрабіць, — яго як-бы ветрам занесла сюды, а яблыкі зусім іншага саду, але ты што падумаеш, га?

Пасьля такога вобразнага адказу Буб як ня трэба лепш зразумеў усё і сумна матнуў галавою.

— Лепш нам памерці, чым папасьціся ў Сібір, — сказаў адзін з грабцоў.—Яны вышлюць нас на саляныя капальні і прымусяць працаваць да самай сьмерці. І сьвету белага ня ўбачыш. Я чуў пра аднаго. чалавека, які быў прыкуты ланцугамі да свайго таварыша, а таварыш памёр. І яны абодвы былі скутыя разам. А не, дык вышлюць на капальні па здабываньні жывога срэбра, а там ад сьліны памрэш. Хай мяне павесяць, а сьлініцца не хачу.

— Чаму сьлініцца? — запытаўся Джэк і нават выпрастаўся на сваім ложку, пачуўшы пра новыя жахі.

— Дык-жа жывое срэбра табе ў кроў пралезе, таму яно так і выходзіць. А дзясны ўсе апухнуць, нібы ў цябе цынга, толькі яшчэ горш, і зубы пачынаюць калыхацца. I на раны паб’е. Так і памрэш пакутнаю сьмерцю. Самы здаровы чалавек, і той доўга не пражыве ў капальнях па здабываньні жывога срэбра.

Усе замоўклі.

— Кепска спрафа, — горка паўтарыў немец. — Кепска спрафа! I чаму я не ў Іокогаме? Га? Гэта яшчэ што?

Судно раптам нахілілася, палуба ўзьнялася. Малая міска з грукатам і звонам скацілася па нахіленай дошцы. Зьверху пачуліся, як захлюпалі парусы і задрыжаў бакавы лік-трос. Потым голас штурмана закрычаў у люк:

— Усе на палубу, стаўце парусы!

Ніколі яшчэ так ня слухаліся такога загаду, як цяпер. Цішыня мінулася. Узьняўся вецер, які адгоніць іх на поўдзень у вольнае мора. З радаснымі крыкамі ўсе кінуліся на палубу. Працавалі скора і акуратна. Пакуль яны зьбіраліся з адпраўкай, туманная заслона разьвеялася і маракі ўбачылі чорны купал неба, усыпаны зоркамі. Калі ўсё было скончана, «Мэры Томас» борзда паімчалася на поўдзень.

— Агні параходу сьпераду, сэр! — крыкнуў вартавы.

Голас яго быў устрывожаны. Капітан паслаў Буба ўніз па начны бінокль. Усе скучыліся на падветраным баку і глядзелі на ня вельмі жаданае для іх, незнаёмае судно. Ужо сталі вылучыцца з цемені яго нявыразныя контуры. У гэтай частцы мора амаль ніхто ня бывае, і мог быць адзін выпадак з тысячы, што перад імі ня рускае патрульнае судно. Шкіпер усё яшчэ з трывогай глядзеў у бінокль, калі на барту незнаёмага судна ўспыхнула полымя, а потым загрымеў гарматны стрэл. Так, гэта было патрульнае судно, якое страляла, каб прымусіць «Мэры Томас» спыніцца.