Читать «Крыс Фэрынгтон, матрос» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

Аднаго разу ўдзень, у канцы мая, «Софі Сузэрлэнд», лянуючыся, ледзь калыхалася на хвалях мора. Было зусім ціха. У гэтай вадзе цюленяй было мноства, здабыча мелася быць някепская, і ўсе шлюпкі вышлі ў мора. Амаль ня ўся каманда выехала з імі. Апрача Крыса на шхуне засталіся толькі капітан, боцман і кітаец-кок.

Капітан быў толькі ганаровым капітанам. Гэта быў дзед, які меў больш васьмідзесяці год і ў морскай справе ані не разьбіраўся; але ён быў гаспадаром судна і гэтым тлумачыцца яго ганаровае імя. Затое, боцман — фактычны капітан — быў марак спрактыкаваны. Памочнік выехаў з камандай у мора замест Крыса, узяўшы на сябе работу рулявога на шлюпцы.

Калі добрай здабычы спрыяла і добрая пагода, дык шлюпкі звычайна рассыпаліся ў адкрытым моры і часта варочаліся на шхуну толькі позна ўвечары. Але хоць дзень для лоўлі быў вельмі добры, аднак Крыс заўважыў заклапочанасьць боцмана. Той неспакойна тупаў па палубе і часта аглядаў небасхіл у морскую трубу. Шводнай шлюпкі ня відаць было. Калі заходзіла сонца, ён нават паслаў Крыса наверх, але і зьверху Крыс нічога не заўважыў. Было ясна, што шлюпкі раней поўначы ня вернуцца.

З паўдня баромэтр пачаў хутка падаць, і ўсё даводзіла аб тым, што набліжаецца навальніца, але нават боцман ня мог прадбачыць, як вялікі можа быць шторм. Ён разам з Крысам ухваціўся за работу, каб падрыхтавацца да шторму.

Ноч настала раней, чым яны падрыхтаваліся, а разам з ноччу прышла і навальніца. Мора нібы завыла, і моцны вецер рвануў «Софі Сузэрлэнд». Але яна скора выпрасталася і з боцманам ля руля павярнулася носам да ветру. Дзякуючы стараннай рабоце Крыса з кітайцам-кокам, які памагаў вельмі мала, шхуна спынілася і ўмацавалася на месцы.

— Прапалі шлюпкі… Гэта не навальніца, а тайфун! — крыкнуў боцман Крысу ў адзінаццаць гадзін… — Вельмі многа парусаў. Прыдзецца ад’ехацца на больш мелкае месца, — зараз-жа, не чакаючы ні мінуты.

Ён зірнуў на старога капітана, які дрыжаў у сваім непрамакальным адзеньні каля компасу і трымаўся з усяе сілы за парэнчы.

— Нас толькі двое, Крыс: ты ды я—і кок, але з яго мала карысьці. Стань каля руля! — сказаў боцман. — Калі я загадаю, наляж на яго! А калі яна стане проста супраць ветру, — не адпускай! I так трымай! Мы зноў умацуем шхуну, як толькі выплываем на лепшае месца.

Схапіўшы штурвал, Крыс глядзеў, як боцман разам з кокам, які вельмі не хацеў нічога рабіць, пашлі на пярэднюю частку. Іх агарнула жудасная навальнічная цемра. «Софі Сузэрлэнд» закопвалася носам у вялізарныя хвалі і вельмі гайдалася; нацягнутыя снасьці і прылады гудзелі, як струны арфы, ад ветру. Да яго вушэй даляцеў крык і ён сам адчуў, як нос шхуны сам праз сябе адыходзіць па ветру. Парус на сярэдняй мачце быў спушчаны.

Ён павярнуў руль і пачаў пільна сачыць за тым, як зьмяняецца кірунак ветру і адначасна — за паваротам судна. Гэта быў рашучы міг. Пры такім павароце шхуна мусіла стаць усім бокам да хвалі, раней чым павярнулася-б супраць ветру. Вецер дзьмуў Крысу ў правую шчаку, калі ён пачуў, што «Софі Сузэрлэйд» нахілілася і пачала ўзьнімацца ўверх — вышай, вышай, бясконца высока! Ці возьме шхуна грэбень вялізарнай хвалі?