Читать «Перловый суп» онлайн - страница 89

Евгений Доминикович Будинас

Літва ў той час была не краінай Еўрасаюза, а адной з пятнаццаці савецкіх сацыялістычных рэспублік, таму Яўген Дамінікавіч знайшоў нас у савецкай сацыялістычнай міліцыі слаба жывымі, бо ўсю ноч нас не слаба мяцелілі: мы адмаўляліся адказваць на пытанні (каб нас не вытурылі з работы), адкуль мы ёсць і хто мы ёсць такія, а ніякіх дакументаў пры сабе не мелі. Навошта нам мець пры сабе нейкія дакументы, калі не было мяжы паміж Літвой і Беларуссю...

«Ну, ё..! — вылаяўся Будзінас, убачыўшы, якія мы прыгажуны, і выслухаўшы ідыёцкую гісторыю пра масліны. -  Яны мне тыя масліны на белым сподачку пададуць!»

Ен доўга не мог зразумець сутнасць канфлікту ў рэстаране, у якім масліны нібыта былі і ў той жа час іх не было, а калі зразумеў, дык падняў пабытовы канфлікт на ідэалагічны, дзяржаўны ўзровень, падаўшы сутнасць ягоную зусім не так, як падаваў яе касаваты афіцыянт (які мяцеліў нас разам з ментамі) дый мы самі.

Для пачатку Яўген Дамінікавіч папрасіў начальніка пастарунка, у якім нас трымалі і мяцелілі, дазволіць яму патэлефанаваць з ягонага кабінета галоўнаму рэдактару газеты «Komjaunimo tiesa» — члену Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы. Не дазволіць гэтага начальнік пастарунка не мог, а галоўны рэдактар не мог у такой сітуацыі не заступіцца за дарагіх гасцей, беларускіх сяброў, вядомых журналістаў.

«Вы не бачыце больш за дзве масліны ў салянцы! — адразу ж пасля тэлефонных перамоў папёр Будзінас на начальніка пастарунка. — 3 боку журналістаў хуліганства? Згодны, няхай. А прычына? Што з другога боку? Русафобія (беларусаў тады, як і цяпер, паўсюль і нават у Літве лічылі рускімі)! Нацыяналізм! Ці вы сапраўды будзеце мне даводзіць, што, калі ў рэстаране ёсць масліны, дык іх можна падаць толькі ў салянцы, а асобна — не? Ды гэта відавочны здзек! Нецярпімасць! Дыскрымінацыя! Па нацыянальнай прыналежнасці! Заўтра я напішу пра гэта ва ўсе газеты — і ў вас пальцамі будуць тыкаць! Вас і ўчастковых у міліцыі не пакінуць, а не тое што начальнікаў, калі не разумееце, што да чаго!..» I гэтак далей, і далей — пра савецкі інтэрнацыяналізм, дружбу народаў, нацыянальную палітыку партыі, якой ці сапраўды не разумеюць, ці, што яшчэ горш, не жадаюць разумець асобныя, той жа партыяй на высокія пасады пастаўленыя, адказныя работнікі органаў.. I ўсё гэта ён вымаўляў, тыкаючы пад нос начальніку пастарунка чырванаскурае пасведчанне з залатым цісненнем на вокладцы: ЦК ЛКСМБ. На звароце вокладкі было напісана: редакцыя газеты «Знамя юности», — але зварот вокладкі чырванаскурага пасведчання Яўген Дамінікавіч не надта стараўся паказваць.

Гэта быў спектакль, які трэба было бачыць... Начальнік пастарунка прапанаваў работніку ЦК ЛКСМБ машыну, каб ён ехаў на ёй са сваімі сябрамі-хуліганамі, куды захоча, абы далей — хоць у Мінск. Але Яўген Дамінікавіч не хацеў машыны, ён хацеў масліны! Прычым, у тым жа рэстаране, і каб іх падаваў той жа афіцыянт, які ўчыніў здзек над лепшымі беларускімі журналістамі — супрацоўнікамі сакратарыяту!