Читать «Перловый суп» онлайн - страница 87

Евгений Доминикович Будинас

Масліны

У савецкія часы, калі ты не сябраваў з кім-небудзь сам, табе знаходзілі сябра ці партыя, ці камсамол, ці КГБ.

Рэдакцыя беларускай рэспубліканскай маладзёжнай газеты «Знамя юности» сябравала з рэдакцыяй літоўскай рэспубліканскай маладзёжнай газеты «Komjaunimo tiesa» («Камсамольская праўда»). Два разы на год абедзве рэдакцыі збіраліся разам, каб дзяліцца вопытам. Дзяліліся так: адзін раз літоўцы прыязджалі напівацца да нас, другім разам мы ехалі напівацца да літоўцаў. Нешта там, канешне, было яшчэ, апроч п'янкі, але што там яшчэ было, апроч п'янкі, немагчыма ўспомніць.

Адным разам, калі мы пабывалі ў гасцях у літоўскіх сяброў і нас ужо, як дровы, пагрузілі ў аўтобус, каб выправіць дахаты, намеснік адказнага сакратара рэдакцыі газеты «Знамя юности» Віктар Ледзенеў раптам заявіў, што нікуды ён не паедзе, бо яшчэ не з усімі літоўцамі і не ўсім падзяліўся. «Не з усімі!.. Не ўсім!..» — дружна закрычалі пад вокнамі аўтобуса гасцінныя літоўцы, асабліва дзве літоўкі, і Ледзенеў ва ўпор спытаў мяне: «Ты са мной?..»

Паслаць яго куды-небудзь я не мог па трох, як мінімум, прычынах: працаваў я тады таксама ў сакратарыяце, гэта першае; Віктар Ледзенеў быў не проста маім начальнікам, а сябрам, гэта другое; ну, і яшчэ дзве літоўкі...

Карацей, як нас ні адгаворвалі неабыякавыя да нашага лёсу калегі і як ні запалохвалі карнымі санкцыямі галоўны рэдактар з адказным сакратаром, мы ў Мінск не паехалі.

Трэцім застаўся з намі ў вечаровай Вільні — па сямейных, як ён сказаў, абставінах — Яўтен Будзінас.

Памылку сваю мы ўсвядомілі адразу. Як толькі зачыніліся дзверы аўтобуса — усіх гасцінных літоўцаў разам з дзвюма літоўкамі як ветрам змяло. Аказалася, яны, нібыта запрашаючы нас застацца, проста дэманстравалі нам літоўскую, больш блізкую (у параўнанні з нашай) да еўрапейскай, культуру, а насамрэч цягацца з двума п'янымі дурнямі пасля двух дзён разгулёну ніхто не збіраўся: усе ў смерць ад нас стаміліся.

Будзінас, як свой са сваімі, знік разам з літоўцамі і дзвюма літоўкамі.

— Кінуў, лабус... — свістануў яму ўслед Ледзенеў і абняў мяне на скразным ветры колішняй сталіцы колішняга Вялікага княства Літоўскага, якое насамрэч было беларускім. – Пайшлі далей напівацца, больш няма чаго рабіць.