Читать «Перловый суп» онлайн - страница 86

Евгений Доминикович Будинас

А Женька, которого знала я, всегда был вождем своей страны. Он сам творил эту страну, где жили и продолжают жить «симпатичнейшие уродцы с перекошенными мозгами», как поется в его любимой песне.

Уладзімір Някляеў

Заклад

Яўген Дамінікавіч Будзінас узнік на небасхіле майго жыцця ў 1972 годзе — і адразу ж паспрабаваў звесці за той небасхіл маю жонку,

У тым годзе я вярнуўся з Масквы, дзе вучыўся ў Літаратурным інстытуце, і доўга не мог знайсці работу. 3 вялізнымі цяжкасцямі і дапамогай мноства людзей уладкаваўся ўрэшце ў рэдакцыю газеты «Знамя юности». Там мяне Будзінас і чакаў.

На першай жа рэдакцыйнай тусоўцы, якая ў той час сціпла называлася вечарынай, ён — журналіст, супрацоўнік самай папулярнай у Беларусі газеты, лавелас з люлькай і шыкоўнай запальнічкай — прапанаваў маёй жонцы прыпаліць, а пасля ад яе ўжо не адыходзіў. Я спытаўся ў яго нібы жартам: «Жэня, дык я вольны?..» — і ён адказаў, таксама нібы жартам, што так, вольны, параіўшы не губляць час, а заняцца гаспадыняй кватэры: «Глядзі, якая лялечка...»

Лялечкай і адначасова гаспадыняй кватэры, дзе мы сабраліся, была Ірына Гурыновіч, жонка Алега Белавусава, з якім абодва мы — і я, і Будзінас — быццам бы сябравалі. Таму я палічыў патрэбным выкласці Яўгену Дамінікавічу свае маральныя прынцыпы: з жонкамі сяброў, ды нават проста знаёмых, нічога і ніколі, ніяк і нідзе, ні-ні... «Гэта ў тэорыі, — пыхнуў люлькай Яўген Дамінікавіч. — А на практыцы ўсе наадварот, каб не хадзіць далёка».

Эх, маладыя гады, маладыя жаданні...

У непахіснасці маральных прынцыпаў жонкі сваёй я быў перакананы, што называецца, жалезна, таму не надта зважаў на высілкі Будзінаса, сумленна папярэдзіўшы яго, што ён дарма стараецца. «Пабачым...» — сказаў Яўген Дамінікавіч. — Давай аб заклад паб'ёмся, што дамоў з вечарыны ты пойдзеш адзін».

Ад такой прапановы я раззлаваўся, а ён засмяяўся: «Ды сімвалічна, на пляшку...» Я махнуў рукой — і мы заклаліся на пляшку каньяку.

Праз нейкі час мая жонка пачала заўважаць у галантных кампліментах бліскучага журналіста эратычны падтэкст — і стала павялічваць у адносінах з ім дыстанцыю. Тактоўна, але няўмольна: далей і далей. Ужо тады, у тыя маладыя нашы гады ў адносінах мужчыны і жанчыны, у самых тонкасцях гэтых адносін, у іх мімалётнасцях і нюансах Яўген Дамінікавіч быў прафесіяналам, таму адчуў подых паразы. Каб пазбегнуць яе, ён выклікаў па тэлефоне сваю каханку. Зразумела, выклікаў употай ад усіх, зрабіўшы выгляд, нібы каханка сама дазналася ў некага, дзе ён ёсць — і прыскакала. Ну, а поруч з каханкай якія могуць быць заляцанні да чужых жонак? «Пантэра раўнівая... — пажаліўся Яўген Дамінікавіч. — Вочы можа выдраць...»

3 гэтага вынікала, што ў нашай дамове ўзніклі форс-мажорныя абставіны, за якія абодва бакі не могуць несці адказнасці.

Але Будзінас не быў бы Будзінасам, калі б на гэтым усё і скончылася.

Кожны тыдзень у рэдакцыі на так званых лятучках абмяркоўваліся матэрыялы, надрукаваныя ў газеце, і выбіраўся з усіх найлепшы, які вывешваўся на дошку каля кабінета галоўнага рэдактара, каб усе той матэрыял чыталі і па ім вучыліся пісаць. Пасля з найлепшых матэрыялаў тыдня выбіраўся найлепшы матэрыял месяца, які ўжо не проста вісеў на дошцы, а перадаваўся ў бухгалтэрыю, дзе аўтар атрымліваў прэмію: 30, 40, а то і 50 рублёў— немалыя на той час гроіпы. I вось літаральна праз тыдзень пасля згаданай вечарыны такім матэрыялам быў прызнаны мой артыкул, на абмеркаванні якога Будзінас пры ўсіх павіншаваў мяне і папрасіў у галоўнага рэдактара дазволу ўручыць мне, апроч прэміі рэдакцыйнай (гэтак яму, маўляў, мой артыкул глянуўся) прэмію асабістую: пляшку каньяку, які жыватворна ўздзейнічае на мазгавыя звіліны і надае лёгкасці ў чалавечых адносінах... Галоўны рэдактар, які таксама прысутнічаў на згаданай вечарыне, дазволіў уручыць асабістую будзінаўскую прэмію і нават сказаў сакратарцы, каб нарэзала лімончык.