Читать «Хто смяецца апошнім» онлайн - страница 5

Кандрат Крапіва

Туляга. Ай-ан! Не гаварыце гэтага слова! Я вас прашу.

Цёця Каця. Выбачанце, Мікіта Сымонавіч! Больш не буду.

Туляга выходзіць.

Зіначка (уваходзіць). Аляксандра Пятровіча яшчэ няма?

Цёця Каця. Вашага яшчэ няма.

Зіначка. Чаму майго?

Цёця Каця. У нас жа два Аляксандры Пятровічы, але ж з Чарнавусам вы ніякіх спраў не маеце, а падпісвае паперкі вам Гарлахвацкі.

Зіначка. Ой, цёця Каця! Я не ведала, што вы такая злая.

Цёця Каця. Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас?

Зіначка (адыходзячы ў пакой, жартаўліва грозіць пальцам). Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню!

Цёця Каця (адна). Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (Корпаецца нешта ў кутку. Нячутна ўваходзіць Зёлкін. Аглядае калідор, заўважае цёцю Кацю.)

Зёлкін (знянацку). Добры дзень, цёця Каця!

Цёця Каця (спалохана). Цьфу ты, нячысты дух! Выбачаііце, таварыш Зёлкін. Гэта ж вы так мяне спалохалі!

Зёлкін. Я ж толькі прывітаўся.

Цёця Каця. Дзякую вам за такое вітанне. I чаму вы, таварыш Зёлкін, ходзіце так заўсёды, быццам у вас не ногі, а мяккія лапы?

Зёлкін. Пра мае ногі вы не турбуйцеся.

Цёця Каця. Я пра сябе турбуюся, а не пра вашы ногі.

Зёлкін. Скажыце, Аляксандр Пятровіч прыйшоў?

Цёця Каця. Таго, які вам трэба, няма.

Зёлкін. А які ёсць?

Цёця Каця. Чарнавус.

Зёлкін. А хто яшчэ ёсць?

Цёця Каця. Усе ёсць.

Зёлкін. Варачка прыйшла?

Цёця Каця. Прыйшла.

Зёлкін. Мусіць, першая?

Цёця Каця. Першая.

Зёлкін. Сядзела на канапе і чакала Чарнавуса?

Цёця Каця. Сядзела і чакала.

Зёлкін (падміргвае). Ці не ўтрэскалася яна?

Цёця Каця. Вы лепш глядзіце, каб ваша жонка не ўтрэскалася.

Зёлкін. Вы за маю жонку не бойцеся, яна ў добрых руках.

Цёця Каця. У чыіх гэта?

Зёлкін. У маіх, вядома. Во, у гэтых.

Цёця Каця. Ха-ха-ха…

Зёлкін. Чаго вам смешна? Гэта нейкія непрыстойныя намёкі. Вы калі маеце што сказаць, дык кажыце проста.

Цёця Каця. Ніякіх намёкаў. Я з вашых рук смяюся, што яны такія малыя.

Зёлкін. Вы, можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня. Учора адвячоркам мая жонка была тут і працавала. I я прашу вас плётак не распускаць!

Цёця Каця. А я пра машыну і не казала вам.

Зёлкін. Адным словам, пакінем пра гэта гаварыць. Калі даведаецца пра вашу гаворку таварыш Гарлахвацкі, дык ён вас з работы прагоніць.

Цёця Каця. За што? Я ж нічога не кажу, гэта вы самі.

Зёлкін. А пра што яны гаварылі?

Цёця Каця. Што ж я ведаю? Машына толькі мігнулася.

Зёлкін. Ды я не пра тое. Вера з Чарнавусам што гаварылі?

Цёця Каця. Я не прыслухоўвалася.

Зёлкін. Нядобра так, цёця Каця. Мы ж з вамі заўсёды прыяцелямі былі.

Цёця Каця. Праўда, я добра не чула, што яны гаварылі.

Зёлкін. Пра дырэктара нічога не гаварылі?

Цёця Каця. Не.

Зёлкін. А пра мяне?

Цёця Каця. I пра вас нічога.

Зёлкін. Няўжо ж яны больш нічога і не гаварылі?

Цёця Каця. Кажу ж вам, што нічога. Толькі Туляга расказаў, як у яго на вуліцы нейкі чалавек запытаўся, ці не Падгаецкі яго прозвішча.

Зёлкін. Дык ён што? Спужаўся?

Цёця Каця. Страшэнна перапужаўся. Кажа, што быў дзянікінскі палкоўнік Падгаецкі, вельмі падобны на яго.