Читать «Хто смяецца апошнім» онлайн - страница 3

Кандрат Крапіва

Левановіч. Дык ты перадай яму, што я прасіў, каб ён з'ездзіў у часць. Можа не адмовіцца?

Вера. Пабурчыць крыху, што ад работы адарвалі, а пасля і сам будзе задаволены.

Левановіч. А аб часе я паведамлю. (Збіраецца адыходзіць.)

Вера. Як твой торф?

Левановіч. Канчаю лабараторныя доследы.

Вера. Кажуць, што ты з яго ледзь не торты збіраешся рабіць.

Левановіч. Торты што! Я вырабляю больш сур'ёзныя рэчы.

Вера. Напрыклад?

Левановіч. Напрыклад — спірт і яшчэ шмат чаго.

Вера. Спірт? Дык ты ж самагоншчык?

Левановіч. Прыходзь, пачастую. (Выходзіць.)

Вера. Вось, цёця Каця, малады хлопец, а хутка прафесарам будзе.

Цёця Каця. Цяпер жа ўсе маладыя — разумныя, на тое ж вас і вучаць.

Вера. I на чым жа вырас! На торфе!

Цёця Каця. Усюды растуць: на торфе, на гліне. На пяску і то растуць. Такі ўжо клімат у нас.

Вера. Добры клімат, цёця Каця, савецкі!

Цёця Каця. Я ж і кажу. А чаму гэта ён там працуе, а сюды распараджацца ходзіць?

Вера. У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах.

Цёця Каця. Вунь ідзе ваш далакоп. (Бярэ анучу і адыходзіць цбок.)

Уваходзіць Чарнавус.

Вера (стаўшы ў позу, гаворыць урачыста-дураслівым тонам). Прывітанне галоўнаму далакопу, ахавальніку скарбаў старой бабулі-зямлі! Выгляд у вас бадзёры і натхнёны. Ці не ўдалося вам узламаць яшчэ адзін з куфраў старой бабулі?

Чарнавус. Раней для гэтага мне трэба выпрасіць у Гарлахвацкага пару тысяч рублёў.

Вера. Ух, вядро халоднай вады! А што — не дасць, думаеце?

Чарнавус. Трэба, каб даў, іначай мы не закончым доследаў у раёне Рудні.

Вера. З Масквы нічога не атрымалі?

Чарнавус. Не. (Да цёці Каці.) Кацярына Іванаўна, сёння пошты не было яшчэ?

Цёця Каця. Не, не было.

Вера. Ага, забрала за жывое! Правалілася ваша праца.

Чарнавус. Дражніцеся, а ў самой душа ў пятках.

Вера. А мне што?

Чарнавус. Як гэта што? Ваша асоба тут таксама замешана як быццам.

Вера. А я адмяжуюся. Скажу, што ніякага ўдзелу ў працы не прымала, што прафесар хоча схавацца за мае вузкія плечы малодшага супрацоўніка.

Чарнавус. Не, выбачайце! Разам працавалі, разам і адказваць будзем. Ад гэтага вам ніяк не выкруціцца.

Вера. Ды ад вас-то цяжка выкруціцца. Учора Зёлкін круціўся, круціўся, і нічога не выйшла.

Чарнавус. Як ён сябе адчувас? Не бачылі яго сягоння?

Вера. Не, яшчэ не бачыла. Думаю, што няважна.

Чарнавус. Выступаць з такім навуковым дакладам — гэта безабразіе. Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Не выкарыстаў нават таго матэрыялу, які яму быў дадзены амаль поўнасцю апрацаваным. I каго ён хацеў падмануць?

Вера. Сам сябе.

Чарнавус. Мабыць, злы на мяне?

Вера. Я думаю! Такую лазню вы яму далі…

Чарнавус. Яж яму дабра жадаю.

Вера. Наўрад ці здольны ён ацаніць гэта.

Чарнавус. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.

Вера. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць.

Чарнавус. Не прабачэння, а растлумачыць яму ў больш спакойнай абстаноўцы.

Вера (паказваючы на Тулягу, які ўвайшоў). А вось яшчэ адзін шаноўны далакоп. Што з вамі, Мікіта Сымонавіч? Чым вы так усхваляваны?

Туляга. Мяне так напужалі, што я апамятацца не магу.