Читать «Літоўскі хутарок» онлайн - страница 3
Максім Гарэцкі
— Няможна! Не далі! Я не далі, — казаў ён салдату, што цягнуў вершкавую дошку-паліцу.
— Няможна? Возьмем… Вайна, дзядуля. Табе заплацяць.
Салдаты ідуць і ідуць.
Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць.
Надышоў дзень. Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы. Скачуць вершнікі. А ранне такое сонечнае, цёплае. Прыпякае. Неба сіняе-сіняе. А ўдалі над лесам выплываюць знедкуль белыя клубочкі дыму. Пакажуцца і паволі расплывуцца, Там жа нешта гудзіць, як далёкі ціхі гром.
— Што то, зямляк? — пытаецца літвін у сумятліва бягучага пехацінца.
— Што то? — ізноў пытаецца ён тэлефаністаў, што шпарка разматваюць шпульку з кабелем.
— Што? Шрапнелі… Уцякай, дзед, назад!
Ян узняў далонь над вачмі і пільна ўглядаецца ў тыя белыя клубочкі высока над лесам. Не, ён не кіне свае сялібы, свае гаспадаркі. I ён спакойны: жонка і дочкі з вузламі і пакункамі яшчэ досвіткамі пайшлі ў касцёл, далёка ў тыл.
— Тра-рах!
Ян здрыгнуўся мімаволі і як толькі не зваліўся на дол ад раптоўнасці. Сабачка жалабна заскігатаў і кумільгам рынуўся пад вароты. Аграмадны чорны стоўб зямлі і газаў уздымаўся на пакаце гары, а міма ляцелі і клаліся на палату чарапкі: дзвыгд!.. пук! — пелі і пукалі яны. Ян палажыў рукою крыж на сябе і зайшоў за вугал, прыхінуўся да сценкі. Чуваць, як за гарою быццам чым хлопаюць ці бабы на падоле бялізну перуць; перш рэдка і дзе-нідзе: тах! тах! А потым усё часцей і часцей, і пасыпалася дробна, як гарох аб сцяну: хлоп-лоп-лоп!
— Са стрэльбаў,— сказаў сам сабе стары.
Сэрца стукала. Чуе: запрацаваў кулямёт, роўна і доўга: тра-та-та, а збоку і адзадзі, у лагу, куды ўчора артылерысты цягалі дошкі, круглякі і жэрдзі, разам у цішы пачулася рэзкая, дужая каманда:
— А адзін патрон, беглы агонь!!
Разам, аглушаючы, тарарахнуў залп усёй батарэі. Ян неяк ненаўмысна пабег у хату, стаў, кіраваўся абдумаць і зноў выбег за вароты.
— Гэта ж свае… чаго баяцца.
I потым ужо цалюткі дзень, да канца бою, стары не мог апамятацца і агоўтацца і зрабіцца такім, як заўсёды, і думаць, як заўсёды. Нібы пялёнка нейкая заслала вочы, нібы ўва сне плыло ўсё ў бездонне часу, толькі ні на каліва не пакідала балючае пачуццё чакання канца бою, чакання ночы і нейкая прыглушаная трывога аб сабе і аб жонцы з дочкамі і аб сваіх салдатах.
Беглі міма пехацінцы, скакалі патронныя двухколкі, прагрукатала з лагчыны на новую пазіцыю батарэя, на хутар пляліся лёгка раненыя. Стары паіў іх вадою, падаслаў у хаце і на двары чысценькай, сёлетняга першага абмалоту, саломкі. Блукаючы, абы не сядзець, ён за дваром набрыў на забітага. Перш хацеў вярнуцца і не зірнуць, ды нешта цягнула туды. Стаў і глядзеў, глядзеў, бутуваўся папарадкаваць думкі, уцяміць, але думка была неслухмяна ці затупілася, і ён такі аклумлена дзівіўся доўга на аскаленыя зубы, крывяны твар і раскінутыя рукі.