Читать «Роднае карэнне» онлайн - страница 4

Максім Гарэцкі

Не дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка на полі паказалася на самай зямлі полымя… Гарыць нешта… То шугае ўверх яно, убок, то без сілы збягае ўніз.

Чорная сцень, як чалавецкая фігура, прабегла па ім раз-другі.

Праз некалькі часу полымя ўспыхнула ў другім, y трэцім месцы…

Балагольшчык змоўк ад страху. Коні вышэй паднялі галовы і закруцілі вушамі. Сам Архіп пачуў, як закалацілася ў яго сэрца і прыліплі на лбе валасы.

Што за глупства? — уголас загаманіў ён, каб разумна абмеркаваць, адкуль жа тут агонь y столькіх месцах: начлежнікаў на парыні быць не можа, a яшчэ што ж?

Балагольшчык ціха зацмокаў на коней, дыргануў вожкі і нешта ціха шапнуў коням, a тыя пабеглі шпарчэй.

Архіп здзіўлена глядзеў y поле, y цямноту.

«Ось так чартаўня. Ну й уцям тут, што за справа. I калі мне робіцца неяк нядобра, то што б было з нашым батраком? I чэрці здаліся б», — раздумляў студэнт, каб неяк выбачыць сабе сваё спужанне.

Ён яшчэ доўга-доўга ўглядаўся на полымя, a яно было ўжо цішэй, не шугала так угару і патроху знікла саўсім.

Балагольшчык маўчаў, пакуль не пад'ехалі к самай хаце Лінкевічаў. Там ён, узяўшы грошы і пажадаўшы спакойнае ночкі, дабавіў неяк недаўменна:

— Ды й зданнё ж! — і паехаў начаваць к Міхалю ў карчму.

III

Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае, якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна — y прысценку за дзвярмі матка ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла… Сонейка гуляла снапамі святла па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы.

«Ага, сягоння ж свята», — успомніў Архіп, пацягнуўся і сеў.

— Ці ўжо прачхнуўся? Паспаў бы ты, сынок, болей: з дарогі замарыўся, — гаварыла маці за сцяною.

— I так выспаўся, як пяньку прадаўшы, — вясёла адгукнуўся Архіп і пачаў адзявацца.

У галаве таўпесіліся думкі аб горадзе, таварышах, уроках, к ім падбаўлялася дзіваванне, што за зданнё ўчора было і якая чартаўня завялася ў новай хаце. На сэрцы было ўсё ж такі радасна і спакойна ад цёплае вясковае абставы.

— Ну і сібірнікі, расколы!.. На галаве пачынаюць хадзіць, — голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падышоўшы да кучы мужчын.

Архіп прыслухаўся.

— A што? Чаго ты? — запыталіся ў сердзюка.

— A што ж? Ну ці можа гэта быць? Семдзесят гадоў на свеце пражыў, a гэтакае пракуднае дый, папраўдзе, паскуднае з'явы не бачыў. Вы тут во седзіцё і нічога не ведаеце, a ў полі ноччу немаведама што парабілі арыштанты нейкія. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх… I ты, Самусь, і ты, Гаўрыла…

— A што? Якое там ліха шчэ з баронамі?

— A такое, што нейкія шэльмы іх ноччу спалілі. На вуліцы падняўся тлум, крык, гоман.

Архіп уцяміў.

«Дык вунь там якое полымя шугала? Добрае зданнё!»

Тым часам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яечняю.