Читать «Роднае карэнне» онлайн - страница 3

Максім Гарэцкі

— Го-го-го, — кацілася далёка па лесе.

— Тпроля, тпроля, тпроля… — клікаў нехта жарабя. Чутна ўперадзе на дарозе: «Скры-гы-ы… скрыгы-ы…» — вязуць нешта, ці снапы, ці сена, a можа, й хвораст. «Нэ, нэ!» — бадрыць коней паваждай, a яны цяжка йдуць па пыле, толькі — шлёп-шлёп, шлёп-шлёп — чуваць здалёку. Чарнеюцца вазы далёка, бліжэй, во, адразу вынырнулі.

— Добры вечар! Ці далёка тут да Белі?

— A вёрст пяць набярэцца.

— З гакам, — дадае з-за воза другі голас.

— Нэ-э-э! — паехалі далей, і зноў: скрыгы-ы…

На дарозе гоман. Ідуць з поля людзі, за гэтакі дзянёк пазамарыліся, напрацаваліся.

З-пад лесу нясецца-коціцца песня — жнеі ідуць ад Хаіма з падзёншчыны. I праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак!.. О! песня; яны пяюць:

Загарэлася вячэрняя зара…

A з другога боку ідуць са свайго поля жнеі, там пяюць:

Добры вечар, гаспадынька мая!..

Маладыя, зычныя галасы смакуюць спеў, і ён ірвецца са здаровай душы ў дужым, не хворым целе:

Ці зрыхтована вячэрыца твая?

Водгалас доўга ляціць па лесе. Эх! I пагода ж, пагода будзе на заўтра.

I жнеі, і гоман, і песні астаюцца патроху… Праязджаюць ціхую вёску; агнёў няма, сабака недзе гаўкнуў і змоўк, y пунях, хлявах жвуць каровы, a гаспадыні старыя, што зараней з поля прыйшлі, там з даёнкамі: цур-цур, цур-цур…

Праехалі мосцік, ярына пайшла, a на полі цямней ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае! Чароўнае хараство разліта ў ім…

— Драў-драў-драў… — сквярэцца драч; і ён сціх. Ціха-ціха…

Не, во чуваць збоку шчэ — павялі начлежнікі коні ў лес пасвіць. Смяюцца, рагочуць, жартуюць. Нейкі скалазуб сумысля вугнава зацягнуў прыпеўкі:

Не хадзі ты па балоту, Не мачы ты ног, ног… Не любіся з багатаю — Не паможа бог, бог…

— Ай-я-я-я, я-я-я, — якоча, прадстаўляецца каторы-та хлапчук.

Багатая — гарбатая, A к таму ж і пышна, A бедная, дык чэсная, Як y садзе вішня.

— Трым-трым, трым-трым, — y такт басуюць другія хлопцы, вясёлыя, радыя.

Усё ў полі супакоілася. Ані гуку. Архіп быў y добра-далікатным настроі. «Краіна родная мая…» — мармытаў-пяяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзвесце, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола? Калісь тут лясы былі дрымучыя, непраходныя, y лясах людзі пням маліліся і жылі са сваею доляй-нядоляю. Ішло жыццё, высякаліся лясы. Загарцавалі па тутэйшых месцах людзі ваенныя-ратныя, шмат костачак маскоўскіх, польскіх, казацкіх палягло «паміж пустак, балот беларускай зямлі…». Шведы, французы знаходзілі сабе тут вечны спакой. Божа, божа, як гэта ўсё страшна і цікава!

— Паніч, — загаварыў балагольшчык з нейкім жахам, — вы, мусіць, ведаеце, што ў гэтым балоце, што налева, калісь-то ў даўныя гады цэлы горад за нешта праваліўся скрозь-доння. У ноч купальскую чутны званы падземныя, a каля кургана, дзе манастыр быў даўней, іншыя чулі, як манахі ў скляпах абедню правяць…

— A хто ж гэта чуў? — запытаўся студэнт.

— Усе. Як гэта — хто? Каму траплялася познай парой бываць тут, апынуцца… Бывае так яшчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегае. Ты за ім — ён ад цябе, ты бліжэй — ён уцякае. Сіненькі такі, невялічкі аганёк. Кажуць, грошай схавана тут багата пад нейкім вялікім закляццем.