Читать «Дзве душы» онлайн - страница 5
Максім Гарэцкі
Можна было йзноў распусціцца з нэрвамі. «Трэба барджэй, барджэй выязджаць», — думаў Абдзіраловіч, седзячы ў сквэру і гледзячы на гуляннікаў.
Нейкі работнік, у сіняй замасленай блюзе, пад выпетранай шынэлькаю без пагонаў, ішоў, хапаўся; ён пацягнуў за сабою пагляд сваім, здаецца, надта знаёмым абліччам.
— Васіль! — гукнуў зняцейку для сябе Абдзіраловіч, і работнік прыстояў, пазнаючы яго.
— Ігнат Восіпавіч?! — з нясмелаю радасцяй прамовіў ён; не ведаў, парукацца яму ці не.
— А я, а я, любы Васілёк, я самы! А як жа рад нечаканай сустрэчы з табою ў чужой Маскве! — і абшчапіў яго шчыра і проста. Пацалаваліся.
— Васілёк, як быццам мяне чаго саромішся, — казаў Абдзіраловіч, — што ты, галубец? Прысядзь, родненькі. Пагамонім. Цяпер, аджа, не тая пара — памятаеш, як цябе, ніжняга чына, не пусцілі са мною ў залю першае клясы ў Смаленску?
— Так, — ухільна адказаў Васіль, марудна трапляючы на патрэбны тон. А быў і ён здаволены.
— Ці ж ты не салдат ужо? — спытаўся Абдзіраловіч.
— Не, мяне выпісалі з часці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.
— Што? І мамка тут! — крыкнуў той, не ведаў, як сказаць аб ёй, а казаць, як калісь,
— Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч, — а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваванне лепшае.
Яны троху памаўчалі.
— Калі не пагрэбуеце… — невясёла і нясмела ўсміхаўшыся, казаў Васіль, — пойдзем, старая будзе надта ж рада. Успамінае вас штодзенна. Адрас вельмі старалася даведацца. Клапаціла, ці не забіты вы?
— А я, няўстыдны, і не пісаў ніколі сваёй мамцы. Пойдзем, пойдзем… Ай, як добра. Дай веры, Васіль, рад табе, як роднаму брату. З бацькам я блізка што нічога супольнага не маю. Ты, напэўна, ведаеш. І нікагенька ж няма ў мяне. Сустрачаўся, праўда, з рознымі людзьмі. Ат, успамінаць не хочацца. Вось ізноў адзін…
Яны ўсталі і пайшлі на трамвай. Былі абодва радыя. У непарадку казалі адзін аднаму аб сваіх падзеях апошніх гадоў. І прапаршчык не пазнаваў даўнейшага Васіля, неклапатлівага, вясёла-няўважнага пастуха, потым работніка ў прудзе (млыну). У яго на вачох быў сур'ёзны, удумлівы, крыхачку хмарны работнік, каторы найлепі разважаў аб значэнні падзей і быў гарачы паклоннік недалёчкай сацыяльнай рэвалюцыі. Той, афіцэр, навет некалькі разоў зчырванеў за сваё няведанне і збочнае сугляданне крывавага змагання.
Ехалі амаль не цэлую газіну ў незнаёмы край горада. Яшчэ доўга ішлі па нячыстых вуліцах, загароджаных вялізарнымі, непрыгожымі дамамі, сярод фабрычных комінаў і каля высачэннага плота.
— Мне добра: блізка да фабрыкі, — хваліўся Васіль.
Збочылі ў вузенькі завулак, узышлі на аграмадны панадворак з некалькімі павароткамі, са смуродам ад дзёгцю і вапны з-пад абы-як збітых дашчаных патрэбных каморак і ўрэшце апынуліся каля нізенькага ўвойсця ў падвал.
Васіль пастукаў.
— Наш палац, — сказаў ён.
— Хто там? Ты, Васілька? — пачуўся Абдзіраловічу знаёмы, знаёмы голас нянькі.