Читать «Дзве душы» онлайн
Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі
Дзве душы
I
Памешчык сярэдняй заможнасці пан Абдзіраловіч заўдавеў у 1890 годзе дужа трагічна.
У адну душную, цёмную летную ноч варочаўся ён з жонкаю дамоў з балю, на якім гуляла шляхецтва з усяго павета.
Баляванне было вялікае. Шампанскае лілося як рака. Клум, гоман, грыменне прывезенага з N. аркестра далёка нясліся з ярка асветленага панскага палаца па старыннаму заглохламу парку, насаджанаму рукамі падданых за каралём Панятоўскім, пераляталі заплытае возера з шумячым чаротам і трапетна шэпчучым уноччы трасніком, каціліся, засмутнела слабнучы, цераз сонны фруктовы сад і каналі на дварох спячай вёскі.
Сярод агульнай нясудзержнай весялосці і скокаў, пад налезаннем начы і музыкі, маладую, нэрвовую паню зняцейку агарнуў нез'яснімы сум, і яна вельмі напужала мужа, настойліва бажала зараз а зараз ехаць дамоў, дзе астаўся іх першачок, трох месяцаў Ігналік.
— Але ж, дуся, — уставаў з-за картэўнага століка, прабаваў рассеяць прадчуцці аб няшчасцю агорчаны пан-муж, — яшчэ гэтак рана… Усё спакойна… У нас зыйшлася добрая партыя…
Паня раптам уся задрыжэла. Слёзы пырскнулі з воч і абпяклі яго руку.
— Ігналік мой… Ігналік… Барджэй дамоў, да яго…
Дзіўной трывозе і клопату маладой жонкі баляваннікі надта не падзівілі і без думак гулялі аж да шэрай гадзіны рання, калі мужыкі, схапіўшы косы, беглі ў макраватай імгле золку на сенажаць і прыкра чулі на хаду слабнучыя гукі панскай гульні.
А наканованае прадчуццё не ашукала яе: сярод чорнай цямноты, у Чартовым Барку, апоўначы на іх без меры смела напалі імслівыя людзі і без следу ўцяклі.
Коні паціху і асцярожна пераступалі па дарожнаму лесавому карчэўю, вадзілі вушмі і чуючы пырскалі. Фаэтон гоцаў і гутаўся. У няцямлівай дрыготцы прытулілася да мужа паня.
Нешта крэхнула, штосьці зашумела… І блізюхтынька ў лесе, каля дарогі, дзіка гэйкнулі, схапілі коні за паводдзе і першы раз дзіўна і голасна вухнулі ў лесавой нямой цішы калом па будцы фаэтона, прабілі яе.
Другі раз меркавалі пану і далі ў вісок яго жонцы.
Коні рвануліся на дыбкі і быццам шалёныя паляцелі. Жудасна, як звер, роў здурнелы пан, сціскаў ліпкімі ад крыві пальцамі халадзеючы бязвольны труп. Хурман змянеў ад страху і сударжна ўпінаўся нагамі, намагаўся, каб не зваліцца з казлоў, не адарваць абкручаных вожкамі рук.
Сонныя птушкі неспакойна, нездаволена трапыхалі крыллем у макушках сярод нявіднага ў чарноце вецця.
…Ігналік астаўся нядужы сірацінка. Пан Абдзіраловіч атупеў з гора і злабы на падазрываных забойцаў з вакалічных сялян, забіўся пасля хаўтур у габінэт з каньяком і цагарамі, здаецца, зусім забыўся аб быццю дзіцёнка.
Верныя слугі ўзялі ў панскі двор мамку з далёкай вёсачкі, а з ёю і яе дзіцёнка-хлопчыка, панічовага блізка што аднадзённічка.
У дзяціным пакойчыку паставілі яшчэ адну калыску, наспех збітую дваровым сталяром і надта невыгодную побач з прыгожанькай люлечкай паніча. Але ж абодва дзіцянёткі былі амаль неадзначныя і абодва — у поўным загадзе мамкі.
— Еж, пі, ні аб чым не клапаці! — сказаў неяк раз пан мамцы. — Толькі аднэй прашу ласкі ў цябе: не рабі няроўнасці ў дзяцёх, калі будзеш карміць і даглядаць.