Читать «Дзве душы» онлайн - страница 4
Максім Гарэцкі
— У дождж прыехаў: шчасце, — думаў сабе.
Калі злазіў па сходнях на перон, заўважыў і пачуў, што дужэй ступаюць ногі, што не дрыжаць так, як там, палохаючы, дзе падсаджвалі яго ў вагон санітары Чырвонага Крыжа.
Абдаўся вакзальным клумам і сумятлівасцю.
Беглі нашэльнікі, важка пхнулі вялізазны воз скрынак, вузлоў і кошыкаў. Дробненька стукалі ножкамі даўно не бачаныя гарадзянкі.
Ціхамірны і здаволены сабою, пазіраў на іх, уцяшаўся, што не чуе таго даўнейшага, што пачынаецца так салодка і прыгожа, а мае па сабе нуду і пусткі.
У буфеце праштурхаўся, сярод падарожнікаў і груду рэчаў, да стала і прасіў чорнай, крэпкай кавы.
Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі заўважыў наўпроці сябе і спакойна і лёгка адхіліў вочы, збялелы, лёгкі і шчыры пасля хваробы. І пачуваў яшчэ на сабе той радасна-вясёлы, ціхі смех бліскучых дзявоцкіх вачэй. А не глядзеў і ўцяшаўся, што зрабіўся новым, другім.
На галоснай, макраватай, клумнай і сумятлівай вуліцы доўга, доўга дарма чакаў сярод сярдуючых і раздражнёных людзей, прапусціў некалькі паўнюхтанькіх вагонаў трамвая, быў, аднак, цярпліва-спакойны і з цікавасцю прыглядаўся, ці няма чаго новага цяпер, у часе волі, на гарадской вуліцы.
І нічога, заміляўся з усім, хаця ж вознік быў не па кішані, хаця ж грошы было надта мала, і яго, зведаўшага ўсю салодкасць пралетарскага быцця (калі пагневаўся з бацькам), цяпер, у шынэлі афіцэра, хаця і не лічаць, можа быць, за ворага, але не прыймаюць і за свайго брата.
III
Блізка два месяцы прайшло ў Маскве, у лазарэце, у прыкрым чаканні, калі пашлюць лячыцца на Каўказ.
Афіцэры безмальна ўсе мелі радню ў горадзе, безмальна ўсе былі болей-меней здаровыя (яго такога, як быў вольнаапрадзяляючымся, зараз пагналі на фронт), блізка што не жылі ў лазарэце, прыходзілі толькі абедаць, вячэраць і зрэдку пад ранне на начлег, калі ён, устаўшы, пазіраў у вакно на пустую вуліцу, на дворніка ў белым хвартуку з мятлою ў руках і на рэдкіх, марудна паўзучых дамоў, змораных начавых вознікаў.
І гэтая адзінота была яму даспадобы.
Толькі дужа не давалі спакою мухі, і Абдзіраловіч выходзіў у садок у будачку, абвітую дзікім вінаградам, — ці чытаў кніжку, ці проста сядзеў на сонейку. Хворае цела перашкаджала думаць, і было толькі адно троху-многа рэльефнае чуццё: бурлячая рэвалюцыя праходзе, вось, міма…
А ўжо значна ачуняў, ужо не мучыўся на жывот, не млеў, і было досіць добра. Ужо іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей — і ўсё ўцяшаўся з свае вольнасці і незалежнасці.
А час ішоў, і робілась не дужа цёпла, навет у горад убіваліся гукі і фарбы недалёчкай восені. Паменшала мух, але ж кусаліся яны вельмі балюча і ліплі, як смала.
Чарод адпраўкі не падхадзіў, і тонкая, маўляў, джгала вужакі, нуда на незлавімае мгненне датыкалася да сэрца і надта пужала.
За сталом афіцэры гаманілі аб хамстве народа; пад маскаю прылікі, але са злосцю ў душы, як быццам жартліва, спіраліся аб палітыцы з