Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 9

Алесь Пашкевіч

Бровы патрыярха апусціліся яшчэ ніжэй.

— Так, новае! — ігумен Ніл аглядзеўся наўкол, узняўся (за ім — і патрыярх) ды падышоў да глінянай вазы, асцярожна павярнуў яе, прымружыў вочы: — Так, вось… — ён пастукаў пальцам па ганчарнай метцы-таўру. — Вось знак адціснуты, а не напісаны. Гэта — новае нараджэнне і знака, і слова.

Патрыярх стаяў каля ігумена, слухаў, але — было відаць — мала што разумеў.

— Ці яшчэ… Вашая Свяцейшасць, колькі разоў вы прыкладалі на булы й пасланні сваю патрыяршую пячатку?

— Дык хіба ж тое злічыш?

— Вось! — узрадаваўся ігумен. — А цяпер уявіце, што пячатка мае памер кнігі — гэта ж колькі старонак за адну варту адціснуць можна! Тысяча пісцоў з тым не справіцца!

Патрыярх змуліў вусны, прыгладзіў акуратна падрэзаную бараду, а ігумен працягваў:

— На тое мне нядаўна наш малады манах паказаў, брат Максім. Ён прыйшоў на Афон аднекуль з прыморскай Сербіі і паслушнікам выціскаў алей з маслінаў. Аднойчы падклаў пад вінт аліўні гліняную дошку і стварыў на ёй крыжы Гасподнія. Прынёс да мяне і кажа: «А на іх месцы могуць літары быць. А замест гліны — пергамен ці папера!»…

Пасля службы яшчэ доўгі вечар і бяссонную ноч прагаварылі патрыярх з ігуменам. Вырашана было павялічыць колькасць перапісчыкаў скрыпторыя і падзяліць старадаўнюю бібліятэку на тры часткі. А вось куды выпраўляць? І хто будзе ахоўваць?

— Колькі ў тваім манастыры манахаў? — раптам як пра нешта ўспомніў патрыярх.

— Акром тых, хто ў скітах, трыццаць два…

— З табой, значыць, трыццаць тры?

— Так, — ігумен яшчэ не разумеў прычыны пытанняў.

— Вось, нават і ў гэтым — сімвалічна… — патрыярх устаў і паклаў на плячо ігумена руку. На пярсцёнках завесяліліся адлюстраванні свечак. Ігумен таксама памкнуўся ўстаць, але патрыяршая рука спыніла яго, і позіркі абодвух сустрэліся: — З нябеснай дапамогаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, са святою падтрымкаю Маці Ягонай Вечнадзевы Марыі наракаю аб стварэнні патрыяршага манашскага брацтва, клопатам якога навекі стануць зберажэнне і пашырэнне Евангельскага слова і кніг царкоўных. У іх наш пачатак, і канец, і аднаўленне. «На пачатку было слова, — вучыў святы апостал Ян, — і Слова было ў Бога, і Слова было Богам»… — на хвілю запанавала продумнае маўчанне. Патрыярх перахрысціўся і закончыў: — Веру ў промысел Божы, які, брат Ніл, спадобіў цябе. Быць табе магістрам брацтва, і называцца яму адсюль і навекі ў гонар любімага Хрыстовага вучня апостала Яна…

* * *

1453 год

Ганец з Канстанцінопаля дабраўся да афонскага манастыра роснай чэрвеньскай ноччу. Манах-брамнік правёў яго да ігумена, а калі пачуў навіну — выпусціў з рук паходню…

— У мяне пасланне ад патрыярха, — прахрыпеў змучаны ганец. Ягоны твар быў пакрыты брудам ды потам і ў цьмяных усполыхах свечак здаваўся васковым. Доўгія валасы збіліся ў пасмы, сцягнутыя на ілбе вяроўчынай. Вочы пасля доўгай коннай дарогі — марскі шлях быў перакрыты — патухлі. — Горад гарадоў Візанцій памёр… «І зацьміліся сонца і паветра ад дыму… І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада…»

Ганец не дагаварыў — галава хітнулася, і ён цяжка зваліўся на каменную падлогу. Пакуль паслушнік і манах-брамнік вярталі яго ў прытомнасць, ігумен, мружачы павекі, прачытаў пасланне патрыярха Афанасія, які тры гады таму ўзышоў на святы сталец.