Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 8

Алесь Пашкевіч

Яны расцалаваліся і развіталіся.

…А ноччу ў патрыяршы сон увайшла сумная Нябесная Апякунка. У правай руцэ яна трымала раскрытую вогненную кнігу, а левай гладзіла канстанцінопальскага ўладыку і шаптала: «Вось цела Сына майго». І кнігу бліжэй падносіла… «А гэта кроў Ягоная», — і пераставала гладзіць, і праводзіла пальцам па радках. І адышла ў вогненную сферу, адкуль яшчэ доўга чуліся Ейныя словы: «Рабі, Іосіф, што засведчана… Перад ранкам пакажацца табе трэці знак»…

Яшчэ да ўзыходу сонца патрыярх упаў ніцма перад іконаю Маці Божай і доўга маліўся, а калі ўстаў, святло ўжо разыходзілася па храме. Там яго адшукаў спраўнік — хацеў паведаміць пра нейкі клопат, але ўзрушана застыў, прыкрыўшы рукою рот. Патрыярх неўразумела нахмурыўся, але служка нават не варухнуўся: як прыкіпеў вачыма да іканастасу. Азірнуўся патрыярх — і яго як дзідай працялі: упершыню заміраточыла старадаўняя ікона Божай Маці…

Ён зноў кінуўся перад ёй на калені і ўмольна зашаптаў:

— Апякунка Нябесная! Злітуйся і дапамажы нам, грэшным… Выратуй і зберажы!.. — па яго сухіх шчоках пабеглі слёзы. Затым звярнуўся да спраўніка і папрасіў дрыготкім голасам: — Пакліч сюды афонскага ігумена…

Але той, правёўшы ноч у малітве, як толькі прагучала першая варта — рушыў са сваім келейнікам да карабельнай прыстані. Там яго і адшукаў спалоханы спраўнік. І вось ігумен — зноў у троннай зале.

— Сядай, браце, на маё месца, — паказаў яму патрыярх на свой сталец, — а я, грэшны і сляпы, буду каля ног тваіх літасці прасіць, — і ўкленчыў перад ігуменам. Той усё зразумеў і асунуўся-звяў каля патрыярха.

Яны абняліся і плакалі, не маючы сілаў на словы. І слёзы былі іхнімі словамі.

Так і сядзелі: адзін насупраць другога.

— Што яшчэ распавёў брат Філафей? Што сам аб тым думаеш?

— Думаю, што храм унутры кожнага з нас, і калі ёсць вера — аніводзін вораг яго не разбурыць. А ў кожнай душы павінна быць слова Божае. Думаю, — ігумен натхнёна зірнуў патрыярху ў вочы, — святую Канстанцінопальскую бібліятэку небяспечна захоўваць у адным месцы…

— Прапануеш перавезці скрыпторый?

— Так, часткова. Падзяліць на тры траціны — і ў спакойнае месца, пад апякунства братоў праведных… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? — казаў нам брат Філафей. — Бо вандруе па ўсім свеце. Так і святыя кнігі павінны асвятляць усе землі Гасподнія. Асабліва тыя, дзе мала святла»…

Зноў доўга маўчалі.

— І яшчэ… — абудзіўся ігумен. — Варта шырыць Евангелле й словы апосталаў ды святых айцоў Царквы Хрыстовай. Некалі пры патрыярху Фоцію квітнела вялікая школа перапісчыкаў. Дзейнасць яго вучня асветніка Канстанціна-Кірыла ад балгараў да русаў увасобілася ў літарах і словах. І ўжо хутка дзень, калі святую кнігу будзе мець кожная авечка Хрыстовая…

Патрыярх неўразумела апусціў бровы, а ігумен патлумачыў:

— Святло веры Хрыстовай шырыцца па ўсім свеце, і перапісчыкі ўжо не могуць, не паспяваюць задаволіць кнігамі нават святароў новаўзведзеных цэркваў. Не хапае пергамена, не кажу ўжо пра танчэйшы велен… — і Нілавы вочы раптам заззялі: — Мы павінны даць кніжнаму слову новае жыццё!