Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 11

Алесь Пашкевіч

Восенню трыццаць манахаў афонскага брацтва янітаў пасля трохдзённай малітвы выправіліся пад ачолам айца-магістра Ніла ў свой першы місіянскі паход. Іх ахоўвалі генуэзцы, якія на тым жа адбітым у янычараў караблі паспелі вярнуцца да Святой гары. Пераадолеўшы марскія хвалі і пакручастыя балканскія дарогі, яны аб’ядналіся са сваімі братамі-янітамі ў гарыстым балгарскім манастыры Белы, дзе месціўся святы схрон — Канстанцінопальскі скрыпторый-кніжніца — і паплылі да Крыму. Перазімавалі ў Судацкай крэпасці і, калі з рэкаў сышоў лёд, з дапамогай тамтэйшага дзясятніка-павадыра падаліся па Дняпры да кіеўскай Сафіі. Адтуль, пакінуўшы частку святых кніг і некалькі перапісчыкаў, да наступнай зімы дабраліся да Полацка, дзе і закончыліся зямныя дні сямідзесяцісямігадовага айца-магістра Ніла. Перад паходам, які ён назваў кніжным шляхам з грэкаў у варагі, Ніл склаў з сябе ігуменскія абавязкі, але манахі адмовіліся абіраць на яго месца іншага — і малітоўна запрасілі стаць манастырскай апякункай Божую Маці.

Ніл развітаўся з братамі-янітамі на высокім беразе Дзвіны, наклаў на кожнага крыж Хрыстоў, узняў у неба свае блакітныя вочы і прашаптаў:

— Мацуйце і пашырайце нашую справу, Богам дадзеную.

А затым нізка пакланіўся.

— Чую званы Божыя… — былі яго апошнія словы.

Па хартыі янітаў кожны павінен быў пасвяціць у брацтва трох наступнікаў. Ніл прывёў у яго трох Максімаў: Максіма Серба (які падаўся з місіяй на радзіму ў землі Зеты1), Максіма Спартанца (ён, колішні патрыяршы ганец з Канстанцінопаля, прыняў на Афоне манашскі пострыг) і перапісчыка-тлумача Максіма Грэка.

Апошні застаўся ў Кіеве…

1

1963, 1969 гады

Мікалай Заяц бачыў такі твар ужо другі раз у жыцці: нібыта яго пакруцілі ў пральнай машыне, а затым, перасушаны, папрасавалі. Ніводнага мімічнага руху! Нават вочы — як пацягнутыя пакостам, як масліны ў воцатным расоле…

І размова пачыналася аднымі й тымі ж словамі. Напачатку гэта было ў загадчыка кафедры, праз некалькі дзён пасля абароны кандыдацкай.

— Даручэнне, Мікалай Сымонавіч, маецца… па тэме Вашай навуковай працы. — І зрэнкі-масліны ўздрыгануліся. — Лекцыйную нагрузку перакінем на зіму, а тут трэба пастарацца, бо — самі разумееце — запыт зверху. Інструкцыі — на месцы…

І вось ён — упершыню «за сцяной», у самым што ні ёсць «сэрцы Радзімы». Паўз Палац з’ездаў уся іх група — сем чалавек — пад пажаўцелымі прысадамі цопае моўчкі і неяк насцярожана. Праваруч — Успенскі сабор, усыпальня мітрапалітаў і патрыярхаў, злева — званніца Івана Вялікага з дзвюмя зіхоткімі цыбулінамі-купаламі. Самая высокая пабудова Крамля. Кажуць, там звон — у шэсцьдзясят пяць тон…

Нарэшце і іхняя мэта: Архангельскі сабор. Сустракае сваёй некалі белай сіметрыяй — як разгорнутая напалам кніга. А паветра саленавата-церпкае… Можа, ад недалёкай рэчкі за сцяной? І ў галаве — усё, што можна было нашкрэбці ў гістарычных крыніцах…

Яшчэ пры браце Аляксандра Неўскага Міхаіле Яраслававічы тут збудавалі драўляную царкву ў гонар архангела Міхаіла. Пры Іване Каліце вырас каменны храм, як сведчаць летапісы — у знак удзячнасці за ратаванне Масковіі ад голаду. Каліту першым і пахавалі пад зводамі яшчэ незавершанай святыні, якая стала ўсыпальняй маскоўскіх князёў. А ў пачатку XVI стагоддзя храм зноў перабудавалі. Пачаліся рэстаўрацыі, апошняя з якіх планавалася на іхніх вачах…