Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 6
Алесь Пашкевіч
У даўнія часы грэкі-каланісты заснавалі на выспе горад Візантыя ў гонар свайго правадыра Візанта. Затым ён стаў новай сталіцай Рымскай імперыі і назваўся Канстанцінопалем — у памяць пра першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага. З Рыма, Афінаў, Эфеса ды іншых гарадоў сюды звозілі лепшыя скульптуры, каштоўныя рукапісы ды таленавітых архітэктараў.
Прайшла пасля таго тысяча гадоў, а прасолены Мармуровым морам ды ўсушаны высокім сонцам горад выглядаў маладым і бадзёрым. Як і раней, сцякаліся на форум — рынкавую плошчу — гандляры і купцы, узвышаўся над засмяглай у спёцы зелянінай і квеценню Букалеон — імператарскі палац, за ім — жоўтыя каменныя сцены цырка, тэатра, ніжэй, уздоўж пыльных выпетраных вулак — двух-трохпавярховыя дамкі з аркадамі, грамадскія лазні, якія ледзь не ўсутыч ляпіліся да старой гарадской сцяны.
Цяпер жа горад пераліўся і праз тую, і цераз новую сцяну: яго абаранялі ўжо тры рады каменнай цвержы з глыбокімі забраснелымі ірвамі перад кожнай і дзевяноста шэсць вартавых вежаў. І сем абшытых тоўстымі металёвымі лістамі брамаў.
Калі стомлены дарогай ігумен з дапамогай келейніка спускаўся ў лодку, штось бліснула ў ягоных вачах.
— Хвала Табе невымерная, Нябесны стваральнік, — прашаптаў Ніл і перахрысціўся.
На асмужаным даляглядзе вынырнуў пазалачоны купал Святой Сафіі.
Толькі напрыканцы трэцяй варты1 афонскі ігумен патрапіў у Верхні горад. Патрыяршы спраўнік запрасіў у гасцёўны пакой, дзе манахі — Ніл і ягоны келейнік — маглі памыцца і адпачыць з дарогі.
— Яго Вялікасць Боская Усесвяцейшасць Архіяпіскап Канстанцінопальскі-Новага Рыма і Усясветны Патрыярх, — паведаміў ён, развітваючыся, — зможа прыняць вас пасля вячэрні.
Службу ў Святой Сафіі яны аніяк не маглі прапусціць — калі б нават раскрыліся нябёсы над Вечным горадам і загулі трубы іерыхонскія. Келейнік наведваў храм упершыню, а ігумен Ніл у свае маладыя гады быў ягоным дыяканам — ды таксама адчуў першасную акрыленасць ад сузірання велічных сценаў. Унутры яны, як і падлога, да самага мазаічнага ўзвышша пакрытыя прыроднымі роспісамі мармура з белымі, бірузовымі і вогненна-карычневымі вертыкальнымі разводамі… Вось і Харалагін, дзверы, праз якія можна выйсці на каменны пандус і дабрацца на верхнюю галерэю — нібы на нябачных крылах узняцца да залачоных архангелаў і зверху ўвабраць у дрыготкую душу храмную прастору…
Аграмадны купал, які — здавалася звонку — уціскаў святыню ў грэшную зямлю, унутры на далонях двух нефаў выглядаў лёгкім і ўзлётным. Можа — ад сонечнага вянка ўрэзаных у яго авальных вокнаў, можа — ад гонкіх узалочаных фрэсак, можа — ад высозных калонаў, а можа — ад намоленых слоў, што гучалі пад тым купалам і ўжо не месціліся ў храме.
Але ім, малітоўным словам, было прасторна ў манашскіх душах, якія ў час гэтай вячэрні таксама ўзнімаліся да нябеснага купала…
— Эвлагітэ! — ігумен упаў на калені, калі патрыярх увайшоў у свой тронны пакой — пераапрануты, у простым падрасніку. На галаве замест сферычнай клабукі была белая скуфія.