Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 42

Алесь Пашкевіч

А калі праз паўгадзіны ў кабінет увайшоў памочнік Жакей і далажыў аб тым, што тэлефануе і просіць сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі па гуманітарных пытаннях Заяц, прэзідэнт пакусаў ніжнюю губу і сказаў раздражнёна:

— Перадай, хай лепш заўтра… Перакажы пра маю сустрэчу на прыпынку… Хай там тэлебачанне падключыцца, адэкватна пра забастоўку раскажа. — Памочнік матнуў галавой і намерыўся ўжо было ісці, але прэзідэнт ткнуў у яго пальцам і прыпыніў: — Ты гэта… Я яшчэ ў машыне хацеў сказаць… Там, ва ўніверсітэце, дзеўчынёха мне цыдулкі з пытаннямі перадавала. Даўганогая такая, брунэтка… — Яго вочы ўраз пабольшалі, а ў зрэнках з’явіліся агеньчыкі. — Разведай, словам, хто і адкуль. Ну і сам разумееш, што…

ІV

Лета — восень 1552 года

Нябачаны дагэтуль чалавечы павадак зліваўся да берагоў Масквы. Меншыя ручаіны акрайных ваяводстваў цяклі да Волгі і расцягваліся ў размаітую плыню на дзясяткі вёрстаў: вершнікі з шаблямі і лукамі, стральцы з мушкетамі і сякерамі, кананіры з абозамі гарматаў і зелля-пораху, зачыншчыкі і гранатчыкі, драўляныя гуляй-гарады, атрады пішчальшчыкаў у высокіх шлемах-шышаках, пяхота з пікамі, мячамі ды шчытамі, нарэшце — раць-пасошнікі, закліканыя ў набор з усіх гарадоў і весяў, абознікі і святары. Хто берагамі ці дарогамі, калі яны былі, хто вадой на лодках і плытах, — усё варушылася, гохкала, тупала, скрыпела, друзгала, плёхала ды мкнула да высокіх сценаў Казані — каб у адзіным наплыве змыць мусульманскае іншаверства і атушыць на маскоўскай зямлі татарскія пажары.

Гэта быў ужо трэці за чатыры гады паход. Два папярэднія не дасягнулі выніку: выступалі восенню, зіма ахалоджвала ваярскі пыл, гарматы і людзі патаналі ў вадзе і снезе. Кусаючы ў цёплых палацях ад бяссілля вусны, цар даваў загад на адступленне. Адзіная заваёва — збудаванне гарадка-цвержы Свіяжск на сутоку Волгі і Свіягі недалёка ад Казані. Але ён стаў бяльмом на татарскіх вачах і мог быць у любы час знішчаным.

Вясной у Маскве сабралі вялікую баярскую раду, і яна прапанавала адмовіцца ад вайны, здзейсніць урачысты перанос святых машчэй з Дабравешчанскага сабора ва Успенскі ды паслаць у Свіяжск асвечанай над імі вады. Цар жа прыслухаўся да слоў сваіх найбліжэйшых людзей — Андрэя Адашава і князя Івана Курбскага. Вырашаецца будучыня ўсёй Маскоўскай дзяржавы, пераконвалі яны. Ці мы пераможам цяпер, ці ніколі. А Эдзігер-Магамет, калі яго не спыніць, аб’яднаецца з крымчакамі і можа пагражаць новым ігам. А таму — трэба спяшыць, цар, і самому табе ўзначаліць паход…

16 чэрвеня 1552 года Іван IV перадаў уладу ў Маскве ў рукі цяжарнай царыцы Анастасіі і выступіў на Казань. Шэсць палкоў — Перадавы пад ачолам Адашава, Вялікі Курбскага, Правай і Левай рукі, Старажавы і Царскі — павінны былі напрыканцы жніўня сустрэцца перад Свіяжскам.

Дарога была цяжкай і спякотнай. Яна зацягнулася да восені, і толькі 11 верасня маскоўскія палкі пачалі абступаць Казанскія сцены, якія з трох бакоў надзейна атулялі рэчкі Булак і Казанка, а з Арскага поля — глыбозны роў. І падвойныя дубовыя сцены ў сем сажняў таўшчыні, засыпаныя знутры пяском і каменнем.