Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 3
Алесь Пашкевіч
Затым усё аціхла. І было чутна, як словы зліваліся з шаптаннем нястомных раўчукоў, па якіх неба сцякала ў недалёкае мора.
А калі ўзышло сонца, манах-адзінец пакінуў пячору.
На Афоне, ён жыў з сонцам і ветрам, сыціўся зямнымі дарамі, мацаваўся святым словам. І прасіў Бога назаўсёдна пакінуць яго тут — аднак нядаўні сон змусіў перапыніць скіт ды спусціцца ў зямныя клопаты…
Дарога адабрала ўсе старэчыя сілы, але ён не адчуваў гэтага. Не адчуваў ні збітых ног, ні задубелай ад глеістай гразі тогі, ні спапяляльнай смагі. Ішоў ды ішоў, гохкаючы кіем, сунуўся ды поўз, калі строміўся горны схіл. Радаваўся дзённаму святлу, а кароткія ночы праводзіў у сонным памараку. Ды крочыў далей — аж пакуль не ўбачыў перад сабой манастырскія вароты.
Сілаў узняць жалезнае кольца і пастукаць ужо не засталося. «Дзякуй табе, Божа», — вымавіў ці падумаў манах — і страціў прытомнасць.
Першымі яго заўважылі рыбакі, якія прывезлі з Салонікаў муку і воск. Яны занеслі старога за манастырскія сцены, паклалі ў цень кіпарыса ды паведамілі ігумену Нілу. Калі той прыйшоў, манах ужо агоўтаўся ды радасна глядзеў на царкоўны крыж.
— Брат Філафей?.. Вітаю цябе, богалюбівы сябар! Пасля нялёгкай дарогі зрабі ласку: будзь госцем у маёй келлі, — ігумен азірнуўся на маладога келейніка, каб той дапамог, але стары манах нечакана ўпаў да іхніх ног.
— Эвлагітэ (Дабраславіце)! — прашаптаў ён традыцыйнае афонскае прывітанне, перахрысціўся і пачаў прасіць даравання, але словы патаналі ў перасмяглай глотцы.
— О Кірыёс (Гасподзь дабраславіць), — крыху збянтэжыўся ігумен. Ён паслаў келейніка па ваду і паспрабаваў падняць старца Філафея, але той зноў лёг на зямлю і апантана зашаптаў:
— Паляць цела маё грахі непагасныя, каменнямі іхнімі рукі й ногі абцяжараныя, і няма мне даравання за тое, што выпрасіў я ў Бога скіт высокі — ды пакінуў яго…
Слёзы цяклі па худых шчоках, па старэчых маршчынах, па крывавых драпінах. У сівую бараду ўблыталіся некалькі сухіх лістоў айвы і алівы: пячора Філафея была ў Каруле, найвысокім і найсуровым афонскім месцы…
Ігумен Ніл прысеў да старца і пачаў гладзіць ягоны хітон, правільней — тое, што засталося ад яго пасля доўгага пустэльніцтва. Філафей — ягоны папярэднік на ігуменстве, дванаццаць гадоў таму падаўся ў пустэльніцкі скіт — і з’явіўся нібыта з іншага свету…
Прыбег келейнік. Хоць Філафей і не піў ужо трое сутак, але вадзе не абрадаваўся: зрабіў тры невялікія глыткі ды аддаў карэц. І, укленчыўшы, загаварыў гучней:
— Як вучыў айцец Іаан, Сінайскі ігумен: пакінуўшы людскі свет, больш не дакранайся да яго, бо страсці зручна зноў вяртацца. Маліцеся, браты мае ў Хрысце, каб страсці тыя мной зноў не апанавалі…
Ігумену і келейніку ўдалося ўзняць манаха з каленяў ды адвесці ў трапезную. Але і ад сціплай манастырскай ежы ён адмовіўся:
— Не магу я сыціць цела, не спатоліўшы перш душу малітваю, а вочы — сузіраннем святых іконаў. Пакіньце, браты любыя, мяне ў адзінотнай малітве, а потым я распавяду вам аб прычыне майго прыходу…