Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 2

Алесь Пашкевіч

Заяц спыніўся каля краю платформы, бліжэй да аграмаднага люстэрка — каб патрапіць у першы вагон. Дыхнула прахалодай і чыгуначнай змазкай, пасля чаго з цемры насцярожана бліснулі фары электрычкі. Паміж бетонам з жоўтай паласой і вагонам — з паўпядзі прастора, адолець якую дапамог вусаты чалавек у форме машыніста метрапалітэна з моднымі зацемненымі акулярамі.

— Асцярожна, дзверы зачыняюцца! Наступны прыпынак — станцыя «Лістападная», пераход на «Зарэчную» лінію, — няспешна прагучала дыктарская абвестка.

Цягнік крануўся і пачаў набіраць разгон. «Вусач-машыніст» падышоў да дзвярэй — не тых, на якіх бялеў надпіс «Не прислоняться!», а амаль нябачных, у кабіну машыніста, зачыненых знутры, — дастаў з кішэні цёмна-сіняга пінжака адмысловы накідны ключ, крутануў некалькі разоў і, зірнуўшы на інвалідны вазок, незаўважна націснуў на нікеляваную ручку. Дзверына ціха зачынілася за ім.

— Служба бяспекі метрапалітэна! — выгукнуў «Вусач» зніякавеламу кіроўцу. — Паступіла інфармацыя, што на лініі — п’яны машыніст. Праверка. Калі ласка, дыхніце вось сюды, — дастаў з унутранай кішэні невялікі балонік, нахіліўся над машыністам, у вачах якога выявілася неўразуменне, і нечакана пшыкнуў у твар. Машыніст было ўсхапіўся, але імгненна асунуўся, а «Вусач» адкрыў фортку, затым адсунуў беспачуццёвае цела і піхнуў рычаг хуткасці ад сябе: цягнік запаволіў рух.

У той час Заяц дастаў са скуранога дыпламата, прывязанага да білца інваліднага вазка, загадзя ўключаны ноўтбук, па электроннай пошце адаслаў невялічкі тэкст — і зноў схаваў.

Цягнік спыніўся. Патухлі лямпы асвятлення — і эканомна ўспыхнулі запасныя, па дзве на вагон. За шклом вокнаў знерухомела шурпатая сцяна тунэля.

— Паважанае спадарства, просім не хвалявацца… — прагучаў у дынаміках спакойны голас «Вусача». — На лініі — збой электранапругі. Праз некалькі хвілін рушым зноў. Кіраўніцтва метрапалітэна выказвае свае прабачэнні. — А затым той жа голас загучаў у рацыі галоўнага дыспетчарскага пульта: — Увага! Састаў № 8 першай лініі захоплены тэрарыстамі і, замініраваны, знаходзіцца паміж станцыямі «Вакзальная» і «Лістападная». Усе патрабаванні нашай групы — на электроннай пошце Адміністрацыі прэзідэнта. Папярэджваем: з абодвух бакоў электрасастава выстаўленыя сэнсарныя відэакамеры. Пры першым выяўленні якіх-небудзь рухаў спецслужбаў цягнік з пасажырамі будзе ўзарваны! Гэта не жарт! Канец сувязі…

І

Чэрвень 1429 года ад нараджэння Хрыстовага

Калі манах пакінуў пячору, пачало ўзыходзіць сонца.

Усю ноч ён маліўся, а над зямлёй грукатала навальніца. Маланкі распорвалі неба, падалі ў марскую бездань і — атушаныя — распырскваліся па наваколлі. І тады ўзрываўся гром, стагналі зямля і горы, страшнае рэха кацілася з вышыняў — нібыта ўадначас заходзіліся тысячы іерыхонскіх трубаў ці насмерць біліся за прастору дахрысціянскія Ярыла і Зеўс.

І перакульвалася неба, і расцякалася вадою па горных стромах, і нельга ўжо было зразумець, дзе ніз і дзе верх, дзе сцяжына людская, а дзе Божая, дзе ўява і дзе жыццё.