Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 53

Міхаіл Булгакаў

— Прафесар, — здзіўлена загаварыў чорны чалавек і падняў бровы, — тады вам яго трэба паказаць. Дзесяты дзень, як знік, а звесткі, прабачце, нядобрыя.

— Доктар Барменталь, зрабіце ласку, пакажыце Шарыка следчым, — загадаў Піліп Піліпавіч і ўзяў ордэр.

Доктар Барменталь крыва ўсміхнуўся і выйшаў прэч.

Калі ён вярнуўся і свіснуў, следам за ім з кабінета выскачыў дзіўны сабака. Мясцінамі на ім вырасла шэрсць. Выйшаў ён, як вучоны цыркач, на задніх лапах, потым стаў на ўсе чатыры, агледзеўся. Мёртвая цішыня запанавала ў прыёмнай. Жахлівы з выгляду сабака з чырвоным шрамам на лбе зноў стаў на заднія лапы, усміхнуўся і сеў у крэсла.

Другі міліцыянер раптам размашыста перахрысціўся, адступіў назад і адразу адтаптаў Зіне абедзве нагі.

Чалавек у чорным з адкрытым ротам прамовіў:

— Як жа гэта, дазвольце… Ён служыў у ачыстцы…

— Я яго туды не прызначаў, — адказаў Піліп Піліпавіч, — яму пан Швондзер даў рэкамендацыю, калі я не памыляюся.

— Я нічога не разумею, — разгублена сказаў чорны і звярнуўся да першага міліцыянера. — Гэта ён?

— Ён, — амаль нячутна адказаў міліцыянер. — Форменна ён.

— Ён самы, — пачуўся голас Фёдара, — толькі, сволач, зноў аброс.

— Ён жа гаварыў… кхе… кхе…

— І зараз яшчэ гаворыць, толькі ўсё меней і меней, таму карыстайцеся выпадкам, а то хутка ён зусім замоўкне.

— Але чаму? — пацікавіўся чорны чалавек.

Піліп Піліпавіч паціснуў плячыма.

— Навука не ведае яшчэ спосабу ператвараць звяроў у людзей. Вось я паспрабаваў, але няўдала, як бачыце. Пагаварыў і пачаў вяртацца да свайго спрадвечнага стану. Атавізм.

— Непрыстойнымі словамі не выражацца, — раптам гыркнуў сабака з крэсла і ўстаў.

Чорны чалавек раптоўна пабялеў, упусціў партфель і пачаў падаць, міліцыянер падхапіў яго збоку, а Фёдар ззаду. Адбылася валтузня, і сярод яе выразна пачуліся тры фразы:

Піліпа Піліпавіча: — Валяр'янку. Гэта страта прытомнасці.

Доктара Барменталя: — Швондзера я ўласнаручна выкіну з лесвіцы, калі ён яшчэ раз з'явіцца ў кватэры прафесара Праабражэнскага.

І Швондзерава: — Прашу запісаць гэтыя словы ў пратакол.

* * *

Шэрыя гармонікі труб грэлі. Шторы засланілі густую прачысцінскую ноч з яе адзінокай зоркай. Найвышэйшае стварэнне, вялікі сабачы бог сядзеў у крэсле, а сабака Шарык ляжаў на дыване ля скураной канапы. Ад сакавіцкага туману сабаку раніцай мучыў боль у галаве, які расцякаўся кругам па галаўному шву. Але ад цяпла пад вечар боль праходзіў. І зараз рабілася лягчэй, лягчэй, і думкі ў галаве ў сабакі цяклі прыемныя і цёплыя.

«Як мне пашанцавала, як пашанцавала, — думаў ён скрозь дрымоту, — нельга і апісаць, як пашанцавала. Прыжыўся я ў гэтай кватэры. І канчаткова перакананы, што з маім паходжаннем нешта нячыста. Тут без вадалаза не абышлося. Патаскуха была мая бабулька, царства ёй нябеснае, старэнькай. Праўда, чамусьці голаў усю зрэзалі, але да вяселля гэта загоіцца. Нам на гэта няма чаго зважаць».

Здалёк прыглушана пагруквалі шклянкі. Укушаны прыбіраў у шафах у аглядальні.

А чараўнік сядзеў і наспеўваў:

— К берегам священным Нила…