Читать «Мадэмуазэль дэ Скюдэры» онлайн - страница 3
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
І кінуўшы знішчальны позірк на спалоханую да смерці жанчыну, ён выцягнуў стылет.
— Божа мой! — усклікнула тая, чакаючы смяротнага ўдару, але тут з вуліцы данесліся бразгат зброі і цокат капытоў. — Варта! Варта! Памажыце! — закрычала Марціньер.
— Жахлівая кабета, ты хочаш маёй пагібелі! Ну вось і ўсё, вось і ўсё!.. Вазьмі, вазьмі, аддай гэта гаспадыні яшчэ сёння — ці заўтра, калі хочаш, — ціха мармычучы так, незнаёмец вырваў у Марціньер падсвечнік, патушыў свечкі і сунуў ёй у рукі нейкую скрыначку. — Дзеля ўратавання сваёй душы аддай гэта гаспадыні, — крыкнуў ён і выскачыў за парог.
Марціньер з цяжкасцю ўзнялася з падлогі і ў цемры пасунулася назад у свой пакой, дзе, цалкам знясіленая, не ў стане вымавіць ані слова, апусцілася на крэсла. І тут яна пачула бразгат ключоў, пакінутых у замку ўваходных дзвярэй. Нехта замкнуў дом і ціхімі няпэўнымі крокамі набліжаўся да пакоя. Скамянелая, не маючы сілы паварушыцца, яна чакала чагосьці страшнага. Якое ж было яе здзіўленне, калі дзверы адчыніліся, і ў святле начной лямпы яна з першага ж погляду пазнала добрага Батыста; ён быў збялелы, бы мярцвяк, і выглядаў зусім разгубленым.
— Дзеля ўсіх святых, — пачаў ён, — дзеля ўсіх святых, скажыце мне, пані Марціньер, што здарылася? Ах, які жах, які жах! Не ведаю, што гэта было, але нейкая сіла літаральна прагнала мяне прэч з вяселля ўчора ўвечары! І вось я ўваходжу на нашую вуліцу… У пані Марціньер, думаю я, чуйны сон, яна, пэўна, пачуе, калі я ціхенька і асцярожна пастукаю ў дзверы, і пусціць мяне ў дом. І тут перада мной з’яўляецца патруль, вершнікі і пешыя, узброеныя да зубоў, яны спыняюць мяне і не хочуць адпускаць. Але на шчасце, сярод іх апынуўся Дэгрэ, лейтэнант гвардыі, які мяне добра ведае. Ён і кажа, пакуль іншыя трымаюць мне пад носам ліхтар: «Гэй, Батыст, адкуль ідзеш сярод ночы? Ты ж мусіш заставацца ў доме і ахоўваць яго. Тут быць непамысна, мы разлічваем на добрую здабычу ў гэтую ноч». Вы не паверыце, пані Марціньер, як цяжка мне стала на сэрцы ад гэтых словаў. І вось я пераступаю наш парог, ажно нейкі захутаны чалавек вылятае з дома, голы стылет у руцэ, і аббягае вакол мяне — дом адчынены, ключы тырчаць у замку… скажыце ж, што гэта ўсё мае значыць?
Марціньер, пазбыўшыся смяротнага страху, пра ўсё расказала. Абодва, яна і Батыст, выйшлі ў калідор і знайшлі на падлозе падсвечнік, які кінуў, збягаючы, чужынец.
— Відавочна, — прамовіў Батыст, — што нашую гаспадыню хацелі абрабаваць, а можа, нават і забіць. Той чалавек ведаў, як вы кажаце, што вы засталіся ўдзвюх з пані, і нават пра тое, што яна яшчэ сядзела над сваімі рукапісамі; напэўна ж гэта быў адзін з тых клятых прайдзісветаў і махляроў, якія пранікаюць у дом і хітра выведваюць усё, што можа паслужыць іхным д’ябальскім планам. А гэтую скрыначку, пані Марціньер, мне думаецца, лепей кінуць у Сену, туды, дзе найглыбей. Хто можа паручыцца, што нейкі гнюсны ліхадзей не імкнецца адабраць жыццё ў нашай добрай гаспадыні, што яна, адчыняючы скрыначку, не ўпадзе мёртвай, як стары маркіз дэ Турнэй, які ўскрыў ліст, атрыманы з рук невядомага!