Читать «Мадэмуазэль дэ Скюдэры» онлайн - страница 2
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
— Але чаму вы благаеце спачування маёй гаспадыні ў такі незвычайны час? Лепей прыходзьце заўтра раніцай, — адказала Марціньер, а чалавек унізе запярэчыў:
— Ці зважае на час і гадзіну лёс, што б’е знішчальна, бы пошуг маланкі? Ці можна адкласці дапамогу, калі для магчымага ратунку застаецца апошняе імгненне? Адчыніце мне дзверы, не чакайце нічога страшнага ад гаротніка, які, безабаронны, гнаны, пакінуты ўсім светам, прыгнечаны жахлівым лёсам, хацеў бы маліць вашую гаспадыню аб паратунку ад блізкай небяспекі!
Марціньер пачула, як пры гэтых словах чалавек унізе застагнаў і ўсхліпнуў ад прыхаванага болю. Прытым голас гэты належаў юнаку, і быў пяшчотны, і пранікаў глыбока ў сэрца. Яна ўсхвалявалася да глыбіні душы і, доўга не разважаючы, прынесла ключы.
Ледзь толькі дзверы адчыніліся, захутаная ў плашч фігура ўварвалася ў дом і, праляцеўшы міма Марціньер углыб калідора, закрычала дзікім голасам:
— Вядзіце мяне да сваёй гаспадыні!
Марціньер спалохана ўзняла вышэй падсвечнік і водсвет упаў на смяротна-бледны, жахліва скажоны юнацкі твар. А калі чалавек расхінуў плашч і на грудзях яго бліснула дзяржальна стылета, Марціньер мала што не села на падлогу ад страху. Чалавек зіркнуў на яе бліскучымі вачыма і зароў яшчэ больш шалёна:
— Вядзіце мяне да гаспадыні, кажу я вам!
І тут Марціньер сцяміла, у якой сур’ёзнай небяспецы апынулася яе гаспадыня; уся любоў да мілай пані, шанаванай як дарагая, пабожная матухна, мацней разгарэлася ў яе грудзях, спарадзіўшы мужнасць, на якую яна яшчэ нядаўна не палічыла б сябе здольнай. Яна спрытна зачыніла разнасцежаныя дзверы ў свой пакой, стала перад імі і прамовіла цвёрда і ўпэўнена:
— Папраўдзе, вашыя вар’яцкія паводзіны тут, у доме, не надта адпавядаюць вашым жаласным словам, сказаным там, звонку. Як я цяпер добра разумею, яны не ў час абудзілі маё спачуванне. Мая гаспадыня не мусіць і не будзе зараз з вамі гаварыць. Калі ў вас няма злых намераў, вам не трэба баяцца дня, таму прыходзьце па сваёй справе заўтра! А цяпер вымятайцеся з дому!
Незнаёмец глуха ўздыхнуў, жудасным позіркам утаропіўся ў Марціньер і сціснуў стылет.
У думках Марціньер даверыла сваю душу Госпаду, але засталася на месцы і дзёрзка глядзела ў вочы начному госцю, пакрысе ўсё мацней прыціскаючыся да дзвярэй пакоя, праз які той мусіў прайсці, каб трапіць да мадэмуазэль Скюдэры.
— Пусціце мяне да сваёй гаспадыні, каму кажу! — яшчэ раз крыкнуў незнаёмец.
— Рабіце што заўгодна, — адказала Марціньер, — але я не скрануся з гэтага месца. Завяршайце ж пачатае злачынства, і вас таксама, як і вашых праклятых хаўруснікаў, чакае ганебны канец на Грэўскай плошчы.
— Уга! — выгукнуў незнаёмец. — Вы маеце рацыю, Марціньер! Я выглядаю і ўзброены як апошні злодзей і забойца, але мае хаўруснікі яшчэ не пакараныя… так, яшчэ не пакараныя.