Читать «Мадэмуазэль дэ Скюдэры» онлайн
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
На вуліцы Сэн-Анарэ месціўся невялікі дамок, у якім з ласкі Людовіка XIV і маркізы дэ Мэнтэнон жыла Мадлен дэ Скюдэры, вядомая сваімі выкшталцонымі вершамі.
Аднае позняе ночы — была восень 1680 году — нехта рэзка і моцна пагрукаў у дзверы гэтага дома, так што гучнае рэха прайшло па калідоры. Батыст, які быў у маленькай гаспадарцы кухарам, лёкаем і швейцарам у адной асобе, паехаў з дазволу гаспадыні за горад, на вяселле сваёй сястры, таму сталася так, што ў цэлым доме яшчэ не спала толькі пакаёўка Марціньер. Яна пачула паўторныя ўдары, ёй прыйшло на памяць, што Батыст з’ехаў і яны з мадэмуазэль засталіся ў доме адны без якой-кольвечы аховы, прыгадаліся ўсе злачынствы кшталту рабаўніцтва, крадзяжу і забойства, якія толькі калі-небудзь здзяйснялі ў Парыжы. Яна яскрава ўявіла, што цэлы натоўп латрыгаў, ведаючы пра самотнасць гэтага дома, шалее там звонку і прагне трапіць усярэдзіну, каб учыніць нешта благое супраць яе гаспадыні. Таму Марціньер засталася ў сваім пакоі, дрыжучы, вагаючыся і праклінаючы Батыста разам з вяселлем ягонай сястры. Тым часам грукат не сціхаў, і ёй здалося, што паміж ударамі нейкі голас гукае: «Ну адчыніце ж нарэшце дзеля Хрыста, толькі адчыніце!» Урэшце Марціньер, адчуваючы ўсё большы страх, схапіла падсвечнік і выскачыла ў калідор; там яна зусім выразна пачула голас начнога госця: «Дзеля Хрыста, адчыніце ж!»
«Сапраўды, — падумала Марціньер, — рабаўнік, мусіць, не стаў бы так казаць. Хто ведае, ці не шукае тут нехта ратунку ад небяспекі ў маёй гаспадыні, якая схільная да добрых учынкаў. Але ж трэба быць асцярожнай!»
Яна адчыніла акно і, гучна спытаўшыся, хто ж гэта там унізе позна ўночы шалее ля дзвярэй і будзіць усіх вакол, пастаралася наблізіць гучанне свайго нізкага голасу да мужчынскага. У мігценні месячных промняў, якія акурат прарваліся праз змрочныя аблокі, яна разгледзела высокую захінутую ў светла-шэры плашч постаць у шырокім капелюшы, насунутым на самыя вочы. Яна закрычала голасна, каб было чуваць там, унізе:
— Батыст, Клод, П’ер, падымайцеся ды зірніце, што за гіцаль хоча выламаць дзверы!
Але чалавек унізе прамовіў мякка, амаль жаласна:
— Ах, Марціньер, я ж ведаю, што гэта вы, мілая пані, як бы вы ні намагаліся змяніць свой голас. Ведаю я і тое, што Батыст паехаў за горад, і вы з гаспадыняй цяпер адны ў доме. Але ж адчыніце мне дзверы, нічога не бойцеся. Мне неабходна пагаварыць з Вашай гаспадыняй, вось у гэтую самую хвіліну.
— Вы напраўду думаеце, — адказала Марціньер, — што мадэмуазэль захоча гаварыць з вамі пасярод ночы? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо даўно спіць, а я нізавошта не стану перарываць першы найсаладзейшы сон, які так патрэбны ёй у яе веку?
— Я ведаю, — сказаў чалавек унізе, — ведаю, што вашая гаспадыня якраз адклала рукапіс свайго рамана, які завецца «Клелія» і над якім яна нястомна працуе, і цяпер яшчэ запісвае некаторыя вершы, мяркуючы заўтра прачытаць іх у маркізы дэ Мэнтэнон. Я заклінаю вас, шаноўная Марціньер, майце літасць і адчыніце мне дзверы. Ведайце, што тут вядзецца пра ўратаванне няшчаснага ад магілы, ведайце, што гонар, воля, дый нават само жыццё чалавека залежаць ад гэтага моманту, таму я мушу гаварыць з вашай гаспадыняй. Падумайце аб тым, што гнеў вашай уладаркі вечна будзе на вас, калі яна даведаецца, што гэта вы бессардэчна прагналі нешчасліўца, які прыйшоў маліць аб дапамозе.