Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 9

Ян Баршчэўскі

— Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым — будуць іншыя.

Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:

— Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?

— Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.

— Не магу, — кажу я, — знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.

— Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? — сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.

— Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.

— Я — Рылец, — паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. — Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.

Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.

Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гбдамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале — кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:

— Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне — малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага, з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага «Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага, народныя песні Падуры; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага, яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову — у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца — даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая — гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць — вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.