Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 11

Ян Баршчэўскі

Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў сапфіравае вадкасці — і, ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:

— Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

— І ў моры цяпер шмат што змянілася, — патлумачыў ён, — рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады — выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне. А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

— Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з'явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою — і на папяровым аркушы, як на воблаку, з'явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:

— Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.

Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці — рэч немагчымая.

— Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, — працягваў далей вучоны, — ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна — чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час — гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, — добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.