Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 12
Ян Баршчэўскі
Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялі гбды, жывая жамяра ды матылі.
На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.
Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:
— Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая — шчаслівыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства…
Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў дзверы — і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты — пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: «Няхай славіцца Саламандра!» Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:
— Ты спазніўся і не выпіў з намі полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое — звяно, а ўваскрашэнне і жыццё — бясконцы ланцуг.
Сказаўшы гэта, ён наліў келіх, падпаліў яго, і я, усклікнуўшы: «Няхай славіцца Саламандра!», выпіў, абы не адрознівацца ад іншых гасцей і дагадзіць волі гаспадара.