Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 23

Генрых Бёль

Таксі хутка везла яе па цёмных вуліцах. У потай яна разглядвала твар шафёра — спакойны, сур’ёзны твар, прыцемнены казырком фуражкі.

— У вас ёсць жонка? — раптам спытала яна.

Шафёр кіўнуў, павярнуўся да яе на момант, і яна ўбачыла здзіўленую ўсмешку на сур’ёзным твары.

— А дзеці? — спытала яна.

— Ёсць,— адказаў шафёр, і яна пазайздросціла яму.

I раптам заплакала. Асветленая панарама за ветравым шклом расплылася перад яе вачыма.

— Божа,— сказаў шафёр,— што з вамі?

— Я ўспомніла пра мужа,— адказала яна,— ён загінуў дзесяць гадоў назад.

Шафёр збянтэжана глянуў на яе, затым хутка адвярнуўся і зноў пачаў глядзець на дарогу, але правую руку ён зняў з руля і злёгку пагладзіў яе па плячы. Ён нічога не сказаў, і яна была гэтаму рада і загаварыла сама.

— Зараз нам трэба звярнуць направа, а пасля проста, па Ходлерштрасэ да канца.

Туманнай была панарама за шклом, а лічыльнік цікаў, і з лёгкім ляскатам выскоквалі новыя лічбы, пфеніг за пфенігам збіраў неўтаймоўны апарат. Яна выцерла слёзы і ўбачыла ў святле фар, што яны ўжо пад’язджаюць да царквы. Мільганула думка, што яе паклоннікі робяцца ўсё менш і менш падобнымі на Рая. Тупыя жывёліны з правільнымі тварамі, яны здольныя з поўнай сур’ёзнасцю вымаўляць такія словы, як «эканоміка», і нават без ценю іроніі такія, як «народ, аднаўленне, перспектывы». Мужчынскія рукі, што абхопліваюць горла бутэлькі — з вялікай будучыняй ці без яе,— цвёрдыя і бяздарныя рукі, і самі паклоннікі, начыненыя ўсялякай лухтой і пазбаўленыя гумару,— побач з імі любы дробны махляр, пакуль ён не трапіў у турму, здасца паэтам.

Шафёр злёгку дакрануўся да яе пляча, і з апошнім ударам лічыльнік выкінуў апошнюю адзіначку. Яна дала шафёру грошы, шмат грошай, ён усміхнуўся ёй, выскачыў з машыны, каб расчыніць перад ёй дзверцы, але яна ўжо вылезла сама і здзівілася, што ў доме цёмна: нават у Глума не свяцілася акно, і не падаў у сад, як заўсёды, жоўты сноп святла з акна маці. Запіску ў дзвярах яна змагла прачытаць толькі тады, як адчыніла дзверы і запаліла святло ў пярэдняй. «Мы ўсе пайшлі ў кіно». «Усе» было чатыры разы падкрэслена.

Яна патушыла святло і так і засталася сядзець у пярэдняй пад партрэтам Рая. Партрэт быў напісаны дваццаць гадоў назад і выяўляў усмешлівага хлапца, які рабіў накід верша на пачку з локшынамі; Авесалом Біліг выразна вывеў на пачку: «Хатнія локшыны Бамбергера», Рай смяяўся на гэтым партрэце, ён быў тут такі ж лёгкі, як і ў жыцці, а верш з пачка да гэтай пары захаваўся ў архівах патэра Віліброрда. Выцвіў лазурак, пабляклі яечна-жоўтыя лацінскія літары, задыхнуўся ў душагубцы Бамбергер, ён не паспеў уцячы з Германіі, а Рай усміхаўся, як і дваццаць гадоў назад. У паўзмроку ён выглядаў зусім як жывы, і яна пазнала суровую, амаль педантычную зморшчыну каля ягоных вуснаў, гэта быў педантызм, які змушаў яго часам па тры разы на дзень паўтараць: «Парадак». Парадак ён меў на ўвазе і тады, калі не хацеў блізкасці з ёй, перш чым іх павянчаюць. Вырвалі згоду на шлюб у бацькі, прамармыталі словы вянчальнага абраду над сплеценымі рукамі ў паўзмроку францысканскай царквы з аляпаватай пазалотай, а ззаду два сведкі, Альберт і Авесалом.