Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 22
Генрых Бёль
Мой першакласнік 1947 года таксама быў зачаты ў тым халодным студзені, але не ў заднім пакоі піўной і нават не ў танных нумарах. Нам пашэнціла, мы знайшлі цудоўны домік, дзе праводзіў нядзельныя дні якісь прамыславік, які не знайшоў на гэты раз часу наведаць сваіх сябровак: ён пакінуў іх паміраць ад маркоты, пакуль сам гандляваў пушкамі. Невялікі дамок сярод густых елак на зялёным лужку, дзве спагадлівыя дзяўчыны,— яны леглі ў адным пакоі і прапанавалі нам другі. Мядова-жоўтыя дарожкі, мяловыя шпалеры, мядовая мэбля, на сцяне Курбэ («Арыгінал?») — «А вы як думаеце?»), мядовы тэлефон і сняданак разам з дзвюма прыгожымі дзяўчынамі, якія ўмелі выдатна сервіраваць стол. Падсмажаныя лустачкі хлеба, яйкі, чай і фруктовы сок, і ўсё уключаючы сурвэткі — такога мядовага колеру, што здавалася, нават пахне мёдам.
I раптам святло замільгала — хлоп, стужка абарвалася, цёмна-шэры экран, пасярэдзіне — светла-жоўтая пляма, яшчэ мяккае гудзенне ў будцы механіка, але тут далі поўнае святло, у глядзельнай зале чуецца свіст, ды гэта ні к чаму: карціна скончылася пасля першай часткі, хоць фільм быў адзняты цалкам.
Яна агледзелася навокал, уздыхнула і закурыла, як заўсёды, выходзячы з кіно. Ліманад, што прынёс Луіджы, зрабіўся цёплым, алкагольная горыч вытыхлася, і ён зрабіўся нясмачным, як моцна разведзены вермут. Значыцца, вось якім фільмам замянілі ранейшы. Стракаты певень наверсе — яе рука цяпер у зялёным промні ад пеўневай спіны — певень зусім такі ж, як і быў, толькі фарбы крыху ярчэйшыя, і іншы чалавек за стойкай, але марожанага па-ранейшаму сто сорак чатыры гатункі, а героем фільма стаў той, хто быў зачаты ў мядовым доміку. I хіба яна зараз не пазнаёмілася з чалавекам, з-за якога абарвалася стужка фільма?
Ці не занадта ты малады, каб імя тваё ўвайшло ў малітвы маёй маці аб помсце? Яна адсунула шклянку, паднялася, прайшла міма Луіджы і толькі каля дзвярэй успомніла, што яна павінна яшчэ разлічыцца з Луіджы і ўсміхнуцца яму. Ён прыняў і тое і другое з самотнай удзячнасцю, і яна выйшла з кафэ. Здаралася, што яе раптоўна ахоплівала страшэнная туга па сыне, хоць часам яна на цэлыя дні забывалася пра яго. Добра было б цяпер пачуць яго голас, прыціснуцца да яго шчакой, проста ведаць, што ён тут, дакрануцца да ягонай лёгкай рукі, злавіць яго лёгкае дыханне і ў чарговы раз упэўніцца, што ён жыве на свеце.