Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 19

Генрых Бёль

А сярод усяго гэтага — яма, дзе цяпер растуць шампіньёны — мноства бялёсых плямаў над рудым гноем і жоўтай саломай; тут некалі забілі Авесалома Біліга — першую ахвяру сярод яўрэяў горада. Гэта быў цёмнавалосы смяшлівы хлапец з рукамі лёгкімі, як рукі Рая; і маляваць ён умеў непараўнана. Ён маляваў вартавыя вышкі і штурмавікоў — немцаў да мозгу касцей, і тыя штурмавікі — немцы да мозгу касцей — затапталі яго нагамі там, унізе, у пячоры.

Новая пласцінка, даніна маленькага брунета-бармена яе паўночнай прыгажосці. Яна крыху перасунула на стале руку так, каб на яе падала чырвонае святло ад апярэння на шыі пеўня; прайшло два гады пасля іх першай сустрэчы, яе рука ляжала дакладна гэтак жа, і Рай расказваў пра тое, што забілі Авесалома Біліга. Худзенькая маленькая яўрэйка, маці Авесалома, званіла з кватэры Альберта ў Лісабон, у Мехіка-Сіці, выклікала ўсе параходныя лініі, не спускаючы з рук маленькага Вільгельма Біліга, названага так у гонар кайзера Вільгельма. I дзіўна: дзесьці далёка ў Аргенціне нехта трымаў трубку і размаўляў з фрау Біліг — візы, вэксалі.

Бандэроллю адаслалі два нумары  «Фолькішэр Бео-бахтэр», а ў іх — дваццаць тысяч марак пайшлі ў Аргенціну. Рай і Альберт сталі мастакамі ў аддзеле рэкламы на татавай фабрыцы.

Цяпер там растуць шампіньёны, гуляюць дзеці, чутны воклічы маці: «I чаго ты носішся як учадзелы!», «Асцярожна!», «Не падыходзь блізка!», там б’е фантан і квітнеюць ружы, чырвоныя, як яе рука, што ляжыць у святле пеўневай шыі, шыі пеўня, які з'яўляецца гербам фірмы Генэль. Фільм працягваецца, рука Рая робіцца цяжэйшай, чутно яго дыханне, ён ужо не ўсміхаецца, а ад фрау Біліг прыйшла паштоўка: «Вялікае вам дзякуй за прывітанні з маёй дарагой радзімы». I зноў паслалі бандэроль — два нумары «Штурмера», а ў іх — дзесяць тысяч марак. Альберт паехаў у Лондан, а з Лондана ў хуткім часе прыйшла вестка, што ён ажаніўся з шалапутнай і вельмі прыгожай дзяўчынай, наравістай і набожнай, а Рай застаўся працаваць мастаком і статыстыкам на татавай фабрыцы. Як бы разрэкламаваць наш новы гатунак? Кожнаму даступнае сунічнае жэле Гольштэгесмачна, нядорага.

Чарнільна-сіняе пер’е на пеўневым жываце, фільм працягваецца, шэры, спакойны, стамляльна марудны. Раптоўна ў Лондане памірае наравістая і прыгожая дзяўчына, і некалькі месяцаў ад Альберта няма звестак, а яна піша ліст за лістом, цяпер ён папракае яе часам за тое. «Вярніся, Рай перастаў усміхацца з тае пары, як ты паехаў...»