Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 18

Генрых Бёль

Тут фільм пачынаўся, тут, дзе мала што з тае пары змянілася. Па-ранейшаму на франтоне над вітрынай быў урэзаны ў сцяну стракаты певень, выкладзены з рознакаляровых шкляных плітак: зялёных, як лужок, і чырвоных, як гранат, жоўтых, як сцяжкі на саставах з боепрыпасамі, і чорных, як вугаль, а вялікі транспарант, які певень трымаў у дзюбе, быў бялюткі, і на ім чырвоны надпіс: «Генэль. 144 гатункі марожанага». Певень кідаў стракатае святло на твары наведвальнікаў, на ўсю залу да самага апошняга куточка, на Нэлу, і рука яе, пафарбаваная мярцвяна-жоўтым святлом, ляжала на стале, як і тады, калі ішла першая частка фільма.

Нейкі малады чалавек падышоў да яе століка, цёмна-шэры день упаў на яе руку, і перш чым яна ўзняла вочы, ён сказаў ёй:

— Скіньце гэтую карычневую куртку, яна вам зусім не да твару.

I вось ён ужо апынуўся за яе крэслам, спакойна падняў ён рукі і зняў з яе карычневую куртку «гітлер-югенд». Затым кінуў куртку на падлогу, адшпурнуў нагой у куток кафэ і сеў каля Нэлы.

— Я разумею, што павінен патлумачыць свой учынак,— яна ўсё яшчэ не бачыла яго, таму што другішэры цень лёг на яе руку, пафарбаваную ў жоўты колер грудзьмі шклянога пеўня.— Ніколі больш не апранайце гэтую штуковіну. Яна вам не да твару.

Пасля яна танцавала з тым, які прыйшоў першым, яны танцавалі каля стойкі, дзе знайшлося вольнае месца, і цяпер яна добра яго разгледзела: на ўсмешлівым твары — надзіва няўсмешлівыя сінія вочы, якія глядзелі паўзверх яе пляча некуды ўдалеч. Ён танцаваў з ёй так, быццам яе і не было побач, і рукі яго лёгка дакраналіся да яе стану, лёгкія рукі, якія яна пасля, калі яны спалі разам, часта клала сабе на твар. У светлыя ночы валасы яго здаваліся не чорнымі, а попельнымі, як святло, што прасочвалася з вуліцы, і яна трывожна прыслухоўвалася да яго дыхання — дыханне гэтае нельга было пачуць, толькі адчуць, калі паднесці руку да яго вуснаў.

Баласт быў выкінуты з жыцця ў тую хвіліну, калі цёмна-шэры цень упаў на яе пафарбаваную ў жоўты колер руку. Карычневая куртка так і засталася ляжаць у кутку бара.

Жоўтая пляма на руцэ — як і дваццаць гадоў таму.

Ёй падабаліся яго вершы, таму што ён іх напісаў: але значна важнейшым за любыя вершы быў ён сам, які чытаў іх абыякава. Усё яму давалася лёгка, усё здавалася само сабой зразумелым. Нават ад прызыву ў армію, якога ён баяўся, ім пашанцавала атрымаць адтэрміноўку, але засталася памяць пра два дні, калі яго білі ў каземаце.

Змрочны вільготны форт, пабудаваны ў 1876 годзе, зараз там вырошчвае шампіньёны прадпрымальны маленькі француз: крывавыя плямы на пацямнелай вільготнай цэментнай падлозе, піва, ваніты п’яных штурмавікоў, прыглушаны спеў быццам з магілы; ваніты на сценах, на падлозе, дзе цяпер на пласце гною растуць бялёсыя, хваравітага выгляду грыбы, а на даху каземата цяпер цудоўны зялёны газон, ружы, гуляюць дзеці, маці сядзяць з вязаннем, і раз-пораз чуваць іх крыкі: «Асцярожна!» і «Што ты носішся як угарэлы»; дзядкі-пенсіянеры злосна размінаюць табаку ў люльках — усяго на два метры вышэй за тую цёмную яму, дзе Рай і Альберт два дні чакалі смерці. Ззяючыя татулі гуляюць у конікі, фантан, воклічы: «Не падыходзь блізка да краю!» — і стары вартаўнік, які кожную раніцу абходзіць парк і знішчае сляды начных прыгод прыгараднай моладзі: папяровыя насоўкі са слядамі губной памады і на зямлі надрапаныя пры месячным святле абломкамі галін сінонімы слова «каханне». Дзядкі, што ўстаюць на золку, прыходзяць улетку вельмі рана, каб пабачыць здабычу вартаўніка, перш чым яна знікне ў вядры для смецця: хіхіканне з прычыны стракатых папяровых насовак і сцёртай ядавіта-чырвонай памады. Усе мы былі маладымі.