Читать «Золак, убачаны здалёк» онлайн - страница 7

Янка Брыль

— Што, пасажыр, нацешыўся?

Раман смяецца, гледзячы на мяне. А мама, пакуль я паспеў адказаць, пацяшае:

— Яшчэ тры вярсце.

Мы ехалі, ехалі па ўзбоччы гасцінца, а потым Раман сказаў:

— Ну, пасажыр, трымайся!

Воз павярнуў у той бок, дзе мая правая рука, потым ён раптам шухнуў уніз. Трымаўся я за сена пад сабой, але ўсё роўна адкінуўся на спіну і над сабой спалохана ўбачыў неба. Потым воз ірвануўся ўгору, я зноў убачыў маму і Рамана. Мама працягнула руку, схапіла мяне за запясць і пасадзіла. Воз зноў пакаціўся роўна. Цяпер направа ад мяне вельмі блізка хілілася да нас калоссе жыта, а налева была нізкая пакоша. Мы ехалі па ўзмежку лугавой дарогай. Пасля жыта пайшоў авёс, і над аўсом я ўбачыў штосьці незвычайнае…

Нейкая чорная, вялізная капа, непадобная на копы сена, несамавіта ўзвышалася над сіва-зярністаю зелянінай аўсянага поля.

— Мама, што гэта?

— Гэта? — перапытала яна. — Гэта калючы дрот.

Я ведаў дрот — ім абгароджвалі поле ад пашы, нацягвалі на нізкіх слупчыках адну бясконцую калючую драціну; ім адгароджваліся, у некалькі драцін, да суседняга агарода. А гэта?

— Чаму такі дрот?

— Што тут табе сказаць? — за маму адказаў Раман. — Тут нядаўна праходзіў фронт. Вайна была. Такія провалачныя заграждзенія. А цяпер іх сцягнулі, у копы сабралі. Потым забяруць. Во, зірні — яшчэ адна. Не туды, на пакошу глядзі.

Спачатку мне, як я ні стараўся, не ўстаючы, выхіліцца з-за конскага зада, нічога не было відно, а потым паказалася, зусім ужо блізка, вялізная, чорна-карычневая калючая капа, наматаная з дроту, як недарэчна кантовы клубок.

— Ужо і заржавеў не адзін раз. Мо і крыві было на ім…

— Раман, не трэба так пры дзіцяці.

Яны памаўчалі. А потым зноў паказалася незвычайнае. Над полем, справа ад мяне, дзе ўсё было то жыта, то авёс, то зялёная бульба, то зноў жыта, то яшчэ адна драцяная капа, пасля з'явілася высозная будыніна. Не як гумно, не з дрэва і не з высокаю саламянай страхой, а як царква, але і не царква, бо без сіняга купала, як у тых Мілтачах, цераз якія мы праязджалі, а неяк дзіўна зверху абламаная. Я не паспеў спытацца, што гэта, бо тут наша мама сказала, гледзячы туды ж, куды і я:

— І цэркаў святую нехрысці не пашанавалі. Трэба ж так збіць!

— З цяжолай арцілерыі, — растлумачыў Раман.

Зноў невядомае, зноў хочацца спытаць: «А што гэта? А хто?» Ды тут наш Гнеды спыніўся, і я адразу ж пачуў, як ён за мной, за плеценай сценкай палукашка шчодра цурболіць на зямлю. А Раман яшчэ і падсвіствае.