Читать «Золак, убачаны здалёк» онлайн - страница 8

Янка Брыль

— Устань, можа, Юрык, — сказала мама і падала мне руку. — Твае і ножкі, мусіць, памлелі.

Ух ты, як здорава!.. Я стаяў на нашым возе, і ніхто мяне не трымаў, а навокал было так далёка відаць. Там, дзе за полем тырчала тая абламаная царква, былі яшчэ стрэхі будынкаў і дрэвы. Вёска. А на другім баку, за пакошай з рэдкімі, але вялікімі чорнымі копамі дроту, было зелена трохі інакш, і мама мне адказала, што гэта ўжо яроўская паша. А на той пашы воддаль стаяў задзёрты ўверх шэры кручок над нейкай шэрай скрыначкай, побач з якой працягнута шэрая палоска. Я здагадваўся, што гэта, бо яно і ў нашай вёсцы ёсць, але ж мне было вельмі добра так во стаяць, зверху глядзець на ўсё, пра ўсё пытацца, і я спытаўся:

— А там вунь што?

— Не дурыся, — усміхнуўся Раман. — Сам добра бачыш, што гэта калодзеж з вагой і карыта.

— А там? — паказаў я на жоўта-зялёныя ўзгоркі за зелянінаю вялікай, роўненькай пашы.

— Там ужо Яры, — сказала мама.

— Там, дзе Люда жыве?

— Там, там.

— Там, дзе наш певень жыў?

— Ат, бэйбус! Песцішся, як малое. Садзіся вот, бо паляціш.

Гнеды наш зноў затупаў, нават ужо ахватней. Ды я паспеў плюхнуцца ў перадок, у ямінку ў сене, не паляцеў на зямлю.

Зімою цётка Аксеня прывезла нам залаціста-чырвонага галагуцкага пеўня і цэлую торбу гароху. Гарох быў буйны і смачны, яшчэ не сухі, бо толькі што абмалочаны. Добра было глыбока запусціць руку ў тую белую торбу, адчуць, як халадок варушыцца між пальцаў. А пеўню развязалі ногі, ён гупнуў з цётчыных рук на падлогу, і мама сказала: «Во жарабец!» Не паспеўшы спытацца, ці можна, я сыпнуў яму жменю гароху. Гарошыны спружыніста падскочылі ўраздроб і раскаціліся па чыстых, учора пад вечар вымытых дошках падлогі, хто да парога, а хто і пад ложак. Певень спачатку спалохаўся, а тады пачаў стукаць сваёю дзюбай па дошках, і вясёлыя гарошыны адна за адной знікалі ў яго вялікім, залацістым валляку.

— Пад печ ганіце, — сказала цётка, — а то ён тут вам і падзякуе на чыстае.

А вясной, на Вялікдзень, цётка Аксеня прыехала ўжо не адна, а са сваім чорнабародым Міхаілам і з іхняй Людай, маёй дваюраднай сястрой. З Тоняй Латышкай я тады яшчэ не дружыў, і з Людай нам было так весела, мы так многа бегалі, смяяліся. На двары і на вуліцы было ўжо амаль усюды суха, у садзе нават расла ўжо трохі трава, і я паказаў маёй госці, як мы з хлопцамі пазаўчора куляліся, убачыўшы першага бусла.

— Гэта трэба вось так, — тлумачыў я, хоць Люда і старэйшая на цэлы год, — калі ён прыляціць, дык трэба так вось перакуліцца.

Важна было паказаць. Я ўкленчыў на рэдзенькай траве, прыгнуўся лобам да сырой зямлі, упёрся ў яе рукамі і, падбрыкнуўшы, кульнуўся. Карак трохі балеў, і лоб зямлёю замазаўся, аднак я быў на вышыні.

— І насі хлопцы куляюцца, — сказала Люда. — А мы, дзяўцяты, не.

Яна, хоць і старэйшая, а трохі шапялявіла, і не з пястоты, а так выходзіла. І смешная была, вясёлая. Сказала чамусьці і так:

— Ты, Юрык, мой дзядзька. Не брацік, а дзядзька. У цёткі Ганны ты сынок, а я ў яе ўнуцька-суцька.