Читать «Золак, убачаны здалёк» онлайн - страница 5

Янка Брыль

І Тоні, падчарыцы, без надзеі на больш-менш людскі замуж, не цяжка было, нарэшце, згадзіцца на ўгаворы бацькі, якога яна ведала па здымках ды па пісьмах, цяпер ужо толькі да яе адной, з прывітаннямі маці.

Вясною ў 1938 годзе яна — не па-мясцоваму бялявая, высокая і ціхая, міла наіўная работніца — ішла з канца ў канец роднай вёскі, ад тое хаты, дзе яна марна жыла пры маме з яе старым, бурклівым кашлюном, да тое хаты пад векавечнаю ліпай, дзе прайшло яе, не горшае, чым у іншых, маленства і дзе цяпер жылі, абкідаўшыся дзецьмі, цялюкаваты дзядзька за злоснай дзядзінай, сама сабе гаспадыняй, бо ўжо і свёкар, дзед Прочым, памёр. Ішла Тоня Латышка па вуліцы і з усімі, каго сустракала, развітвалася — упершыню і апошні раз за руку.

— Да таты еду, у Латву — гаварыла яна і як быццам апраўдвалася сваёю, ад нараджэння сталаю, светлавокаю ўсмешкай крыху спадылба: — Усё ж такі бацька.

Так і са мною развіталася. Я якраз выйшаў на вуліцу.

Потым, пэўна ж, і ўспамінала таксама, а то і цяпер яшчэ калі-небудзь успомніць вялізную дзедавую ліпу і нашу маленькую светлую дружбу.

Так, як і я ўспамінаю.

3

Нічога не зробіш — ужо не толькі наогул, але і пасля перамогі над Гітлерам пражыта так многа, што мне часамі хочацца перанесціся нейкім цудам з вялікага, шумнага горада ў наша старое гумно — якога, дарэчы, даўно ўжо няма, — легчы на свежым сене і ў той непараўнанай цішыні, толькі пад роўны шум абложнага дажджу ды пад дзяціны шчэбет ластавак, спакойна і грунтоўна перабраць у памяці ўсё…

Якое там усё, — ужо нават тое хочацца толкам прыпомніць, як гэта дзеці твае былі калісьці малыя… А што ўжо казаць пра самога сябе, пра сваё… ужо нібы спрадвечнае маленства.

Яно прыходзіць калі-нікалі неверагодна прыгожымі снамі. Адзін такі паўтарыўся ў мяне… ну, не раз ужо і не два. Вельмі проста, як быццам успамін які. Пасля гвалтоўнай навальніцы на нашым неабсяжным выгане, — у маленстве ж усё нам здавалася большым, — на пашы, яшчэ смачней пазелянелай пасля дажджу, пад майскім сонейкам, яшчэ святлейшым пасля нізкай, грукатлівай хмары, на густой, маладзенькай траве ў лагчынках стаіць вада. Яна — толькі што з неба, і так яе многа навокал у лужынах, а сам ты, як гэта ў сне бывае, чамусьці сухі. Вада такая цёплая, празрыстая, так весела, так добра плёхаць па ёй, нарэшце, босымі пасля зімы, яшчэ не паколатымі ржышчам, нагамі, так цікава спыніцца ў гэтай незвычайнай лужыне, заціхнуць і праз зусім-зусім празрыстую ваду глядзець, як у густой, залітай траве, сярод лісточкаў ды сцяблінак рэдкімі зоркамі жоўта цепляцца кветачкі кураслепу.