Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 9
Васіль Быкаў
Пры ручаі каля будана санчасці ўжо сядзела некалькі чалавек параненых, Ляўчук дачакаўся свае чаргі, і доктар упоцемку, збольшага абцёршы пякучым перакісам вадароду скрываўленае плячо, туга абкруціў яго бінтам.
— Сунь руку за пазуху і насі. Нічога страшнага. Праз тыдзень можаш кувалдай махаць.
Каму не вядома, што добрыя словы дактароў часам лечаць лепей за іхнія лякарствы? Ляўчук, здаецца, адразу адчуў, як зменшыўся боль у плячы, і падумаў, што ўранку зноў вернецца на Доўгую граду ў роту, а спярша паспіць. Найперш ён хацеў выспацца — цяпер ён займеў на гэта поўнае права.
Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі тупат ног, галасы, шоргат калёс у кустоўі, нейкую мітусню побач. Ён пазнаў голас Пайкіна, а таксама новага іх начальніка штаба і яшчэ нечы, знаёмы, але спрасоння не адгаданы ім канчаткова.
— Не пайду я. Не пайду нікуды…
Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.
— Як гэта — не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе, радзілку адкрыем? — злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. — Пайкін!
— Я тут, таварыш начштаба.
— Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.
— Не пайду! — зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.
— Зразумейце, Шарохіна, — з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. — Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.
— Ну і хай!
— Заб'юць жа к чортавай матары! — здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. — На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!
— Хай забіваюць!
— Хай забіваюць — вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!
Настала прыкрая паўза, чутно было, як ціхенька хліпала Клава, недзе зводдаль ездавы разы два сцебануў каня, прабурчаў: «Каб цябе, ваўкарэзіна!..» Пэўна, тут некуды збіраліся, пераязджалі, ці што, але Ляўчук усё яшчэ не прачынаўся, не гнаў ад сябе сну і нават не расплюшчыў вачэй — наадварот, затаіўся, перацяў дыханне і чакаў.
— Пайкін! — паспакайнелым тонам сказаў з цемры начштаба. — Садзіце на воз і адпраўляйце. З Леўчуком адпраўляйце — калі што, ён дагледзіць. Але дзе Ляўчук? Ты ж казаў — тут?