Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Ляўчук наважыўся ўжо быў пасварыцца ды вярнуцца ў роту, мабыць бы, ротны не выгнаў, і ён бы зноў ваяваў нароўні з усімі, чым перціся невядома куды. Але калі Ляўчук памкнуўся сказаць аб тым, дык сказаць ужо не было каму. Начштаба пайшоў, толькі затрашчала ў хмыззі яго плашч-палатка, а Пайкін і яшчэ хутчэй знік у цемры. Побач адно пасцёбваў хвастом па аглоблях конь, ля якога, папраўляючы збрую, тупаў Грыбаед ды, ціхенька шморгаючы носам, стаяла ля воза роспачная, адзінокая Клава. Мабыць, яна чакала цяпер ягонай каманды сядаць, і Ляўчук, не зважаючы ні на кога, вылаяўся:

— Падсуропілі, начальнікі! Ну ладна, трасцу вашай матары!

3

Яны паехалі лесам чорт ведае куды і як: фурманка часам ледзь не пераварочвалася на нейкіх то ямах, то выварацінах, голле бязлітасна драла, шкрабло, сцёбала па возе і па седаках. Ляўчук, угнуўшы голаў, каб не выдрала вочы, і асцерагаючы пад накінутай ватоўкай плячо, ужо згубіў адчуванне напрамку. Добра, што Грыбаед, здаецца, ведаў тутэйшыя мясціны і не пытаўся пра шлях, конь некуды тупаў, з немалой натугай цягнучы за сабой воз — думалася, што едуць правільна. Ляўчук, яшчэ не адмяклы ад свае злосці, не размаўляў ні з кім, толькі слухаў, як бахала навакол і больш за ўсё ззаду; часам дзесь нізка загаралася ракета, і яе зыркае святло дзівоснай мітуснёй праносілася па вяршаллі дрэў, падсвечваючы і без таго светлаватае летняе неба.

Неяк прадраўшыся праз глухую гушчэчу, яны ўрэшце ўзбіліся на лесавую дарожку, фурманка пайшла спакойней, і Ляўчук усеўся трошкі зручней — пасунуўся, каб не навальвацца на нерухомае сцягно дэсантніка. Можна было падумаць, што той у непрытомнасці або заснуў, і Ляўчук ціхенька пацягнуў за ствол яго аўтамат, які замінаў і яму і па-раненаму, ды, мусіць, і Клаве, што месцілася ззаду фурманкі. Але як толькі Ляўчук пацягнуў трохі мацней, Ціханаў раптам ачнуўся, залапаў побач рукой і сцяў аўтамат за шыйку прыклада…

— Не… Не чапай!..

«Во дзівак! — падумаў са здзіўленнем Ляўчук, зрабіўшы выгляд, што аўтамат яго зусім не цікавіць. — Што ён за яго так трымаецца?..»

Папраўдзе, дык Ляўчук нічога не меў супраць, каб прыбраць да рук гэты аўтамат, бо ў самога быў толькі парабелум з дзвюма пачачкамі патронаў у запасе ды ў Грыбаеда тырчаў за спіной карабін. Можа, яшчэ ў Клавы быў які браўнінг — увогуле дужа не шмат для таго, каб прабіцца за дваццаць пяць кіламетраў да Першамайскай брыгады, асабліва калі за грэбляю немцы, а, мабыць, яно так і ёсць. Не можа быць, каб, блакіраваўшы ўрочышча, яны пакінулі грэблю адкрытай. Мала што дакладвае разведка…

Падумаўшы так, Ляўчук крануў Грыбаеда за локаць.

— Стой!

Ездавы пацягнуў лейцы, конь адразу спыніўся, яны трывожна ўслухаліся. Навокал было ціха, сціхала, здаецца, і пад Дубраўлянамі, дзе ўвесь вечар і ўночы ўсё джагала-ахала страляніна. Чутно было толькі задышлівае дыханне каня ды ціхі пошум начнога ветру ў голлі.

— Далёка да грэблі?