Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 8
Васіль Быкаў
— Ах ты, халера!!
Гэта было недарэчна і дзіўна, каб яго параніла, ды яшчэ гэткім несур'ёзным, амаль што бязглуздым чынам. Але так, параніла і, мабыць, добра, бо хутка кроў палілася з рукава па пальцах і па рукаве пінжака праз дзірку.
Рука паволі мярцвела, быццам адлежаная, у пальцах дробненька закалола, нібы іх апанавалі мурашкі. Сеўшы ў акопчыку і ўсё лаючыся, Ляўчук леваруч як-кольвечы абкруціў нясвежай паркалёвай анучкай, у якой быў загорнуты хлеб, сваё плячо і сцяў зубы. Толькі спакваля да ягонай свядомасці пачаў даходзіць невясёлы сэнс ягонага ранення, узяла злосць на сябе за неасцярогу, а найбольш на тых, за балацявінай. Трываючы боль, Ляўчук схапіўся за кулямёт, каб добрай чаргой секануць па лазняку, з якога яго гэтак вераломна падпільнавалі, ды толькі здушана войкнуў. Ад дотыку кулямётнага прыклада плячо яго пранізаў такі боль, што ён раптам і відавочна зразумеў: больш ён не кулямётчык. Тады, не высоўваючыся з акопа, ён зноў гукнуў Кісялю:
— Скажы ротнаму: раніла! Раніла мяне, чуеш?
Добра, што ўжо вечарэла, сонца пасля бясконцага спякотнага дня спаўзло за кустоўе, балацявіна ахінулася рэдзенькай кісяёй туману, праз які няшмат што і згледзіш. Немцы так і не пачалі сваёй пятай атакі, і, як стала цямнець, на грудок да Леўчуковага акопчыка прыбег ротны Мяжэвіч.
— Што, параніла? — прылёгшы побач на ігліцу, запытаўся ён, углядаючыся ў туманістую балацявіну, з якой несла парахавым смуродам і холадам.
— Ды во, у плячо. — У правае?
— Ну.
Ротны вылаяўся, услухаўся, нешта падумаў і тут жа сказаў:
— Ладна, што ж! Дуй да Пайкіна. Кулямёт аддай Кісялю.
— Каму? Тожа нашлі кулямётчыка! Ляўчук у гэтым загадзе адчуў штосьці для сябе абразлівае — аддаць яго спраўны, дагледжаны ім кулямёт Кісялю, гэтаму вясковаму дзядзьку, які і з вінтоўкай толькі нядаўна асвойтаўся, азначала для Леўчука зраўняцца з ім і ў астатнім. Але тады каму ж аддаваць? Мусіць бы, з кулямётам няблага ўправіўся Галашэеў Віцька, ды Галашэева два дні назад забіла мінай, а з іншых каго ні вазьмі, такія былі кулямётчыкі, як з яго лётчык. Ім шкада было даверыць паляўнічую дубальтоўку, не тое што гэты выдатнага бою, прыстраляны ім кулямёт. Зрэшты, чорт з ім, разважыў Ляўчук, цяпер яму малы клопат — цяпер ён паранены.
Рашыўшы так, Ляўчук з падкрэсленай абыякавасцю аднёс кулямёт і бляшаную скрынку з дыскамі пад суседнюю хвою да Кісялёвага акопчыка, а сам у нязвыклай легцы пабрыў у глыб лесу да ручая, дзе быў нейкі тыл гэтага абложанага карнікамі ўрочышча і дзе размяшчаўся доктар Пайкін з Верхаўцом — іх атрадныя «памочнікі смерці», як кпліва называлі дактароў партызаны. Мабыць, яны трохі і мелі рацыю, бо казалі, што Пайкін да вайны быў зубным урачом у раёне, а Верхавец раней наўрад ці калі трымаў у руках бінт. Аднак у атрадзе лепшых дактароў не было, і гэтыя два і лячылі, і перавязвалі, і нават, здаралася, адразалі ногі ці рукі, як таму вунь Крыцкаму, да якога падпала гангрэна. I нічога, кажуць, жыве недзе на хутары ў схове, памалу здаравее. Хоць і з адной нагой.