Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 12
Васіль Быкаў
— Ды блізка ўжо, — сказаў Грыбаед, не паварочваючы да яго галавы. — Выгарыну праедзем, а там саснячок і грэбля.
— Туды не паедзем, — раптам рашыў Ляўчук.
— Во як! А куды ж?
— Давай куды ўбок.
— Як жа ўбок? — падумаўшы, нязгодна адказаў Грыбаед, па-ранейшаму нерухома седзячы спіной да воза. — Там балота.
— Паедзем цераз балота.
Грыбаед трохі падумаў і з відавочнай неахвотай звярнуў з дарогі каня. Але па бездаражы конь зусім не хацеў ісці, тым больш праз хмызняк, і ездавы, нешта мармычучы сам сабе, злез з воза і ўзяў каня за аброць. Ляўчук таксама саскочыў на дол і, асцерагаючы правую руку, палез праз голле наперад.
Ён сам не ведаў чаму, але ўпарта не хацеў ехаць на грэблю, калі б нават у бяспецы тае дарогі яго пераконвала сем разведак — грэбля не магла быць не занятая немцамі — гэта ён адчуваў усёй сваёй скурай. Праўда, ён не ведаў і іншай дарогі, недзе тут павінна было пачацца балота, а як пралезці цераз яго з канём і фурманкай, ён не меў уяўлення і толькі казаў сабе: там будзе відаць. Ён ужо надта добра зведаў на вайне, што многае робіцца ясным у свой час, на месцы, што ўсякі самы разумны план — мала значыць: як ні намячай, як ні абмазгоўвай, немцы ці абставіны ўсё перайначаць. Трэба было дзейнічаць, зыходзячы з канкрэтнасці, а будзеш, як сляпы плота, трымацца нейкага плана, дык хутка апынешся ў «магілёўскай губерні» і яшчэ пацягнеш за сабой іншых.
Грыбаед, аднак, мусіць, разважаў інакш, і пакуль прадзіраліся праз гушчар, надта ўжо незадаволена бурчаў на каня, абзываючы яго то ваўкарэзінай, то злыднем, то тузаючы яго за аброць, то ляскаючы па баках пугаўём. Леўчуку ўжо пачала надакучваць гэтая яго зласлівасць, і ён збіраўся прыкрыкнуць на ездавога, як хмызняк скончыўся, пачалася лугавіна, наўкола пасвятлела, паяснела неба над галавой. Над роснай травой нізка стаяў золкі туман, пахла водарасцямі і багнай — наперадзе было балота.
Фурманка спынілася, а Ляўчук пайшоў па высокай траве, пакуль пад ботамі не пачало чвякаць, услухаўся. Не, наперадзе было ціха, у тумане драмалі купкі алешніку, недзе зводдаль па-начному прыцішана скрыпеў драч, іншыя птахі яшчэ ўсе спалі. Ляўчук прайшоў далей, пад нагамі ўсё мякчэла, большаў імшарнік, часам нага правальвалася па костачку; у правым дзіравым боце ўжо стала мокра. Але ехаць тут было можна, конь, мусіць, прайшоў бы, а за ім прайшоў бы і воз.
— Эй, давай там! — ціха гукнуў ён у шэры туманны паўзмрок.
Ён падумаў, што Грыбаед рушыць за ім, але, прайшоўшы яшчэ якую хвіліну, не ўчуў за сабой фурманкі і раззлаваўся. Відаць, гэты ездавы зашмат браў на сябе, каб не слухаць старшага, якім тут усё ж быў Ляўчук. Трохі счакаўшы, ён мусіў вярнуцца і застаў фурманку там, дзе і пакінуў яе — ускрай балотца. Здаецца, Грыбаед і не думаў ехаць і, ссутуліўшыся ў сваім кароткім нямецкім мундзірчыку, стаяў ля каня.
— Ты што?
— А куды ж ехаць?
— Як куды? За мной едзь! Куды я іду, туды і едзь.
— У балота?
— Якое балота? Трымае.
— Тут дык трымае, а далей — багна. Ужо я ведаю…
Ляўчук зазлаваў — ён ведае! Багна — значыць, трэба перабірацца цераз багну, не сядзець жа тут да відна — хіба гэты чалавек першы дзень на вайне?