Читать «Адна ноч» онлайн - страница 11
Васіль Быкаў
Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасці абодвух,і, вядома, абодва яны прагнулі рознага. Гэтая хвілінная іх раз'яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро, але толькі на кароткі час. Адразу, як сціхлі крокі, сціхла і нясцерпнае жаданне азвацца — цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць і выбірацца з падзямелля самім.
Яны яшчэ паўслухоўваліся, мярцвеючы ад празмернае ўвагі, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела і пачаў паволі прыладжваць у сцяне запальнічку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямі. Крокаў болей не было чуваць.
— От папалі, дык папалі, — не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесіў з калень цяжкія натруджаныя рукі і ўздыхнуў. Яго нядаўні, трохі бесклапотна-бадзёры настрой відавочна прыхмурэў, — пэўна, ад працы ці мо ад гэтага трывожнага клопату.
— Вайна нікс гут! — раптам прыцішана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, і баец ажно здзівіўся ад гэтае перамены ў настроі ворага. — Вайна — шайзэ!
Немец сказаў гэта з нейкім трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохі разявіўшы рот, недаўменна, з прыхаванай іроніяй паглядзеў на яго.
— Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?
— Фюрэр — шайзэ! — строга абвясціў немец, відаць, толькі адно гэтае слова і зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. — Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нікс нада, — сказаў ён і стукнуў сябе кулаком у грудзі. — Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.
Валока зразумеў не ўсё, але ўцяміў прычыну абурэння гэтага немца, толькі спачуваць яму ён не збіраўся. Немец жа, мусіць, выліў свой даўні гнеў і на хвіліну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку і ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоіла яго, сказаў:
— Слухай, Фрыц. Вылезем туды, — ён паказаў пальцам угору, — давай палон. Рус плен — і вайна капут. Га?
Немец уважліва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруціў галавой.
— Нікс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч — Сібір. Пуф-пуф дойч.
— Ніхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баішся? — загарачыўся Валока. — Ты ведаеш, колькі у нас вашых камарадаў плен?
Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнічкі ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла і атуліла ўвесь твар туга чалавека, які колькі ні прыкідваецца сам сабе, як ні абнадзейвае сябе, а ўсё ж ніяк не можа пазбыцца вялікага і нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкі памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпіліў кішэнь мундзіра і дастаў нейкія паперы. Перабраўшы іх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымі краямі і дастаў адтуль картку.
— Майн фрау ўнд кіндэр. Дрэздэн, — сказаў ён і падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлівасцю да чужога, але зразумелага і па-чалавечы дарагога наблізіў картку да слабенькага святла запальнічкі.