Читать «Адна ноч» онлайн - страница 10

Васіль Быкаў

Які нячысцік звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былі тут і разам выкараскваліся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзіцца на гэтае іх сяброўства. Але што рабіць, калі яны вылезуць? I хто там наверсе — свае ці немцы? Калі свае, то гэта яго клопат — яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калі немцы? Зноў біцца? Дык ці не лепш забіць яго тут?

Але Валока толькі думаў так, адчуваючы, што застрэліць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калі між імі рушылася галоўнае для таго — узаемная нянавісць, калі раптам у варожым мундзіры з'явіўся перад ім зважлівы, рупны, працавіты, самы звычайны чалавек, які і да Валокі ставіўся не як вораг-фашыст, а як супольнік і сябра. Здаецца, гэта быў зусім неблагі немец, і недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмі нават магло стацца, што і ён забіў бы Валоку. Незвычайна гэта было і дзіўна — адчуваць яго тут, побач з сабой; хвілінамі нават забывалася, што яны ворагі. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесці, пакурыць, мірна і па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае іх разважнае добразычлівасці адкрыецца нешта значнае і цікавае.

Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагі чалавек, працавіты, — пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як іхні санінструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забітыя, але хто тады нарабіў такога гора людзям, хто столькі пазабіваў, папаліў, абрабаваў, перавешаў, хто заліў крывёю ўвесь свет? Ды і што скажуць хлопцы і начальства, калі даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калі дазнаецца капітан Воранаў, маўклівы загадкавы чалавек са схаванымі пад бровы вачмі, як ён паставіцца да такой суполкі? Валока мог меркаваць — што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.

Пакутна было і складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай і такой нечаканай бядзе.

Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселі на цэглу ў куце і пачалі адплёўвацца. Валока дастаў кісет, насыпаў у паперку махоркі і, прытрымліваючы яе пальцамі, перадаў кісет немцу. Той ахвотна пераняў. Калі Валока саслюніў цыгарку, ён услужліва пстрыкнуў запальнічкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мільготкі, маленькі, як іскрынка, агеньчык запальнічкі трохі разагнаў змрок, асвяціў пакарэжаную столь, вывараціны цаглін у сцяне і два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнічку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе і пачаў прыладжваць у вышчарбіне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, і Валока падняў з долу кавалак цагліны.

— На вось прыпры.

Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўгануліся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў — наверсе, над самымі іх галовамі, пачуліся крокі — туп… туп… туп… Праз бетон данёсся блізкі, аднак глухі, невыразны голас, недзе над прыступкамі штось грукнула і сціхла: чалавек, пэўна, спыніўся ці мо адышоўся далей. Баец ускочыў — першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавіў на сабе напружана ўмольны позірк немца і сам схамянуўся.