Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

Антон падперазаў ваеннаю дзягай свой руды сялянскі кажушок, прыдзірлівым позіркам зверху ўніз акінуў Зосьчыну постаць, і ў ягоных шэрых вачах з’явіўся клопат.

— Ну як? Трохі падсохла?

— Падсохла. Толькі спаднічка макраватая яшчэ.

— Высахне. На марозе ўсё хутка сохне. Слухай, а паесці ў цябе няма?

— Няма нічога, — вінавата сказала Зоська. — Я ж у Азярках дняваць меркавала. Там бы і пакармілі.

— Го! Азяркі яшчэ вунь дзе! Да Азяркоў паўдня топаць трэба.

— Цяпер ужо што. Усё роўна спазнілася.

— А табе ад Азяркоў куды? — запытаў ён і трошкі пакасіў на яе свае шэрыя на грубаватым абветраным твары вочы.

— Далей. У бок Нёмана. Слухай, а ў Лунна гарнізон, кажуць? — з трывогай запытала яна.

— Гарнізон, ага. У Лунна хадзіць нельга.

— Мне і сказалі — нельга. А я думала…

— Няма чаго і думаць. Цераз Нёман у другім месцы трэба перабірацца. Табе ж сказалі, у якім?

— Сказалі, — ціха зазначыла Зоська.

— Во там і пераправімся. Пароль жа ведаеш, мусіць?

— Пароль ведаю, — сказала Зоська і з трывогай у голасе загаманіла: — Слухай, давай схаваем наган. Во ў стажку. А пасля возьмеш, га?

— Ну, прыдумала! Нашто хаваць? Яшчэ спатрэбіцца.

— А раптам вобыск? Бо калі знойдуць, дык усё прапала. I як Дазорцаў табе дазволіў наган браць?

— Буду я пытацца ў Дазорцава. Яшчэ на плячах сваю галаву маю.

— Ой, баюся я, — ціха сказала Зоська.

— Не бойся. За мяне няма чаго баяцца. Калі я сам за сябе не баюся.

— Дарэчы, кепскі сон бачыла.

— Ну і дзівачка! — развесяліўся Антон, надзяваючы рукавіцы. — Не раўнуючы, як баба якая. А яшчэ студэнтка, у тэхнікуме вучышся.

— Пры чым тут тэхнікум, дзівак. Проста сон кепскі. Непрыемны.

— Я во ніякіх сноў не прызнаю. Калі б я снам верыў, даўно б капыты адкінуў.

— I табе нічога не сніцца?

— Сніцца, чаму. Рознае. Але я нуль увагі. Куды ноч, туды і сон.

Зоська засунула рукі ў маленькія кішэнькі сачка, нявесела пазіраючы ўдалячынь, куды пралягаў іхні шлях. Усё ж ёй было холадна на ветры ў непрасохлай апратцы, і яна, міжвольна скаланаючыся, ледзьве стрымлівала дрыжыкі. Вядома, сны — забабоны, але ў іхнім становішчы гэтыя забабоны вельмі проста маглі ператварыцца ў злую рэальнасць. Месяц назад дажджлівай непагоднай ноччу ў Селіцкім лесе Зосьцы прыснілася, што яе даганяе аўчарка; закрычаўшы ў сне, яна разбудзіла Аўдоніну, з якой яны спалі ў будане, і тая, пасмяяўшыся над яе дзіцячым спалохам, сказала, што немцы ў такую непагадзь наўрад ці ў лес сунуцца. А яны ранічкай якраз і сунуліся, ледзьве не захапіўшы знянацку сонны атрад, добра, што хлопец-вартавы стрэліў на ўзлеску, і Кузняцоў паспеў вывесці атрад за балота.

— Што сны! — уздыхнуўшы, сказаў Антон. — У жыцці горш бывае. Вунь учора каля сталовай страчаю Куманца, пісара, кажа: рыхтуйся, Галубін, на гарнізон пойдзем. — На які гарнізон? — На Дзярэчын, кажа, паліцаяў выкурваць, памагаць першамайцам. — Ты чула: зноў, значыць, батрачыць на дзядзю. Ды яшчэ з такім камандзірам.

Антон гаварыў расстроена, амаль злосна, і Зосьцы стала няёмка за ўвогуле някепскага, хоць, можа, і не дужа віднага і не заўжды ўмелага новага камандзіра атрада, які ласкава клікаў яе дачушкай.