Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 16

Васіль Быкаў

Праз разварушанае сена ў нару пранікала цьмянае святло хмарнага ранку і дзьмуў вецер. Зоська ўспомніла, дзе яна, адкінула палу кажушка і памкнулася выскачыць, але толькі села, прыгнуўшы зацярушаную сенам галаву. Антона ў стажку ўжо не было. Усё яшчэ перажываючы свой страшны сон, Зоська прыслухалася, дзесь паблізу чуліся крокі, і яна ціхенька паклікала:

— Антон!.. Галубін…

— Што? Прачнулася? Ану, уставай! Выхадзі на зарадку!

Паволі вызваляючыся з-пад улады соннага страху, яна стала таропка збіраць сваю ўтаптаную ў сена апратку, якая амаль ужо высахла, толькі спадніца і боты былі яшчэ макраватыя. Лежачы, як-колечы надзела на сябе спадніцу і з ботамі ў руках выскачыла са стажка.

Займалася позняя зімовая раніца, над поплавам віднела, выплывалі з прыцемку невыразныя ўначы плямы, якімі аказаліся зараснікі, зводдаль цямнела паласа хвойнага лесу. На прысыпанай свежым снегам траве стаялі чатыры стажкі, і ў суседнім з іх Зоська пазнала той іх стажок, дзе яны ўчора спрабавалі ўладкавацца на ноч. Каля яго з падкасанымі рукавамі сподняй кашулі націраў снегам шыю Антон. Як толькі яна вылезла з нары, ён скамячыў дужымі рукамі снежку і жартам шпурнуў у яе. Зоська міжволі ўхілілася, снежка мякка шлёпнулася аб стажок і рассыпалася.

— Хутка мыйся, соня! — грубавата пажартаваў Антон. — А то разаспалася, не дабудзішся. Быццам вайна скончылася.

— Учора ўжо вымылася, — сказала Зоська, таропка нацягваючы на панчохі макраватыя боты.

— Учарашняе не ў залік. Хто першым снегам памыецца, усю зіму без прастуды абыдзецца. Ану!

Ён падчапіў рукой жменю свежага снегу і, падышоўшы да Зоські, нацёр ёй лоб і пераноссе мокрым, сцюдзёным снегам.

— Ой, ой! Не трэба!

— Нічога, прывыкай! Спатрэбіцца.

Зоська завязала цёплую шэрую хустку, крадком пазіраючы на Антона. Ёй было трохі ніякавата перад ім за іх не зусім звычайны начлег, яго дамаганне і сваю рэзкасць учора, але Антон трымаў сябе дзелавіта проста, быццам яны толькі цяпер спаткаліся, і гэта супакоіла Зоську. Абое быццам дамовіліся не ўспамінаць пра маленькі інцыдэнт, робячы выгляд, быццам нічога між імі не здарылася. Зосьцы, праўда, гэта ўдавалася горш, у яго ж выходзіла як найлепш. Быццам ён і не начаваў з ёй у гэтым стажку.