Читать «Мурашкі» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
У часе кароткага перадыху было выяўлена, што ўвогуле ваявалі дарма: войны ня вырашылі ніводнай праблемы, а толькі спарадзілі нямала новых. Але хто вінаваты? Ну вядома ж, вінаватыя мужчыны. Гэта зь іх ліку былі генэралы і палкоўнікі, якіх узнагароджвалі, шанавалі, якім сьпявалі пранікнёныя гімны. А яны падвялі. Ужо жанчыны, напэўна б, ваявалі б лепш і хутчэй здабылі б перамогу. Усчаўся новы глябальны рух фэмінізму. Жанчыны падняліся на мужчынаў.
То ўжо, напэўна, была самая жахлівая і даўгая вайна на Зямлі. Змагаліся ня толькі зь людзьмі, але і зь людзкімі пачуцьцямі. Найгоршым лічылася праклятае абодвума бакамі пачуцьцё каханьня, празь якое і пачалася глябальная варажнеча. Закаханых пачалі караць самаю страшнай карай, для чаго давялося выдумаць электрычнасьць і расшчапіць атам. Кахаць было дазволена толькі аднаго чалавека — галоўнага Ката — і ягонае начыньне — шырокую сякеру. Сякеру, заўжды вострую і блішчастую, дык дужа кахалі жанчыны. Казалі, яе дотык да далікатных шыяў быў непараўнальна пяшчотны. Але як Кат пастарэў ад нялёгкае працы, каханьне да яго стала мала папулярным нават сярод жанчынаў. Ды й тое — каму патрэбны нямоглы кат? Быў кінуты лёзунг: каханьне замяніць на нянавісьць! Нянавісьць разумелася шырока і з абодвух бакоў была прызнаная за агульначалавечую маральную каштоўнасьць. Тое ні ў мужчынскім, ні ў жаночым лягеры не выклікала пярэчаньня і нават на пэўны час кансалідавала нацыю ў яе сьвятой барацьбе за вынішчэньне.
І во — вынішчыліся.
Учора Пан Бог паціху абляцеў на аблачыне ўсю зямлю і нідзе ня згледзеў нікога. Толькі сярод джунгляў ля Амазонкі варушыліся ў лістоце нейкія стварэньні, а так усе палі, пагоркі і выпасы былі пустэльныя — ні гарадоў, ні паселішчаў, ні якіх халупаў. Асабліва ўразіў Пана Бога кавалак сушы на поўнач ад рэчкі Прыпяці — такі быў слаўны куточак, не гарачы і не сьцюдзёны, некалі поўны зьверыны, рыбы і птушак, аддадзены неблагому працавітаму племю дрыгавічоў. І што сталася? Засыпаліся нуклеарамі, здурнелі і вымерлі. Во і рабі людзям дабро!
Стала зразумела Пану Богу, што ўсё трэба пачынаць спачатку.
Але каму пачынаць? Ясна, што людзям ня варта давяраць тое. Ужо аднойчы было даверана, і што атрымалася? Сорам адзін.
Порсткая чародка чорных мурашоў сноўдала каля босых, натружаных за даўгое жыцьцё Боскіх ног. Адзін муравейка, мабыць, самы зь іх сьмелы, борзьдзенька ўскараскаўся на Боскі вялікі палец і раздумна зьнерухомеў. Пан Бог сьпярша памкнуўся яго струхнуць прэч, ды падумаў: а можа,
Сапраўды, варта было падумаць.