Читать «Мурашкі» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Мурашкі

Памяці Уладзіміра Караткевіча

Ніколі і нікому зь зямных істотаў ня бачны Пан Бог сядзеў на камяністым пагорку ля здаўна прывабнага для яго Тывэрыядзкага возера і стомленым позіркам азіраў бязьлюднае навакольле.

Ён апусьціўся на зямлю ў апошнюю суботу ліпеня. Пералёт ад плянэты Сырыюс-7z быў нялёгкі нават і для Пана Бога — магнітныя буры каля Юпітэру, д'ябальская гравітацыя ў раёне Вялікай Чорнай дзіркі, метэарытны дождж з нуклеарным градам па ўсёй паласе Млечнага шляху. Думаў, што ўжо на Зямлі так ня будзе, на Зямлі павінна панаваць ціша ды лагода і стомлены Пан Бог нарэшце адпачне.

На Зямлі ён даўно ўжо ня быў, заняты тытанічнымі справамі ў іншых сусьветах, меркаваў, што зямляне няблага абжыліся безь яго і Пан Бог ім непатрэбны. Паводле свае натуры ён быў талерантны і дапушчаў часам такое, што і ня трэба было б дапушчаць. Але ж ён пакінуў тут не якіх кузурак — стварыў адмысловых істотаў Гома сапіенс — у асобах дзяўчыны Евы і хлопца Адама, надзяліў іх прыгажосьцю і лагодай. Ужо яны павінны былі палагодзіць зямное жыцьцё ў райскім куточку Сусьвету. Ды, відаць, памыліўся. Не наладзілі нічога ягоныя сапіенсы, а тое прыўкраснае, што ён ім пакінуў, збаёдалі бяз рэшты. Як Пан Бог прачытаў у Нябесных сфэрах, шмат прыкрага адбылося на Зямлі за якіх пару мільёнаў гадоў ягонай адсутнасьці, і тое напаўняла Боскую істоту нязбыўнай скрухай і самотай.

Найперш гэтая пакінутая ім на зямной гаспадарцы парачка адцуралася Боскага запавету, спакусілася на грэх, і людзтва пачало бурна пладзіцца. Што пладзіцца, тое хай сабе, калі б разумна і па добрасьці. Дык жа не! Адамавы дзеці ўдаліся зусім не ў памяркоўнага Адама, а хто ведае ў каго. Яшчэ змалку пачалі дурэць і сварыцца, а падросшы, зусім перасталі слухаць бацькоў, навучыліся лайдачыць і піць — не ваду нават, а нейкае д'ябальскае пітво, названае віном. Пан Бог ніякага віна на зямлі не рабіў, хіба пасеяў дзе-нідзе салодкі вінаград — для малых і жанчынаў; мужчыны ж павінны былі паляваць на дзічыну і харчавацца мясам. Дык не, найперш мужчынам захацелася віна, якое рабіла іх дурнямі і натхняла на бойкі. А дзе бойкі — там кроў і рабаўніцтва, якое стала дужа прыбытковым, хоць і зусім ня Боскім промыслам. Хто болей забіваў, той рабіўся багацейшым, болей падграбаў пад сябе іншых і прагнуў улады. Стварылася няроўнасьць, зайздрасьць да больш удачлівых, зьявілася варажнеча. Зайздрасьці і варажнечы спрыялі жанчыны, якія мудра ўхіляліся ад забойства, але ўмела натхнялі на яго мужчынаў, маючы з таго сваю карысьць.

Жыхарства на Зямлі расло, і разам зь ім распаўзаліся па абшарах варажнеча і забойства, якія назвалі войнамі.

Сьпярша ваяваў род з родам. Адзін род дашчэнту выбіваў іншы род, мяркуючы, што, перамогшы, адпачне ў міры. Дзе там! На зьмену пераможанаму роду паўставаў іншы, пакрыўджаны, якому даўно не хапала выпасу для козаў, і ён імкнуўся захапіць суседні. Як усе выпасы, пагоркі і даліны аказаліся захопленыя, варажнеча і войны не спыніліся.

Аказалася, што некаторыя з плямёнаў маюць ня чорныя, а сьветлыя валасы, і зараз жа ўсчалася новая барацьба паміж чорна- і сьветлавалосымі. На той раз перамаглі сьветлавалосыя. Кінулі дзікім зьвярам трупы чорнавалосых і пачалі сьвяткаваць перамогу. Сьвяткавалі доўга і ўрачыста: здавалася, ворагаў паблізу не засталося. Але яшчэ ў час сьвяткаваньня самыя пільныя заўважылі, што хрысьцяцца сьветлавалосыя неаднолькава — адны двумя пальцамі, а іншыя нават трыма. Быў скліканы вялікі Сынкліт, які вырашыў, што хрысьціцца двума пальцамі няправільна, што за тое трэба караць. Двухпалыя пачалі ўпарціцца ва ўласным звычаі, і іх пачалі прасьледаваць: лавіць, саджаць у цямніцы, некаторых нават тапілі ў рэчках — на корм рыбам і ракам. Такім чынам амаль панішчылі ўсіх двухпалых, а тыя, каго ўтапіць не пасьпелі, перакваліфікаваліся ў трохпалых. Але тады за двухпалых заступіліся нейкія заморцы — ня так за людзей, як за нейкую выдуманую справядлівасьць. Пачалася вайна з чужынцамі. Сьветлавалосыя біліся ўпарта, некалькі гадоў, перасталі нават араць і сеяць, усчаўся вялікі мор, але спыніць вайну было нельга, бо вайну назвалі Сьвяшчэннай. Тая вайна выдалася самай доўгай, ёй было аддадзена некалькі пакаленьняў. Апошнія зь іх ужо і ня памяталі, з чаго ўсё пачалося, і, калі старыя казалі, што — праз пальцы, не маглі паверыць: такое глупства! Хай бы хрысьціліся як хацелі. Але ўсё роўна ішлі ў бой і гінулі, забіваючы ворагаў: спыніць вайну было нельга. Ведама, што пачаць вайну можа і дурань, а спыніць яе ня дадзена і Пану Богу.