Читать «Мурашкі» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

Тая вайна сама скончылася, бо скончыліся сілы з абодвух бакоў. Сьветлавалосыя палічылі, што перамога на іхнім баку. Заморцы былі іншае думкі. Запанавала няпэўнае перамір'е. Бакі трохі спачылі і тады агледзеліся, што ваявалі ня ўсе аднолькава. Шмат загінула, іншыя зьнемагліся. Але знайшліся і такія, што нават забагацелі з вайны: занялі пасады, збудавалі шыкоўныя халупы пад шырачэзным пальмавым лісьцем, захапілі мяккія гамакі з сынтэтыкі, ад ворагаў навучыліся есьці ня палачкамі, як раней, а глыбокімі лыжкамі. Праз год пасьля той перамогі ў вялікай вайне пачалася ўнутраная вайна, ды такая лютая, што Пан Бог цяпер думаў, лепш бы ўжо гэтыя сьветлавалосыя стрывалі паразу. Кожны ненавідзеў іншага, брат рэзаў брата, дзеці цураліся бацькоў — пачуцьцямі кіравала варажнеча і зайздрасьць. Усе крычалі аб нейкай справядлівасьці, пра якую нічога ня чуў і ня мог зразумець таго слова нават сам Пан Бог. І ён дужа сумняваўся, што тое разумелі людзі, якія пралілі за яе столькі крыві.

Але во і грамадзянская вайна была скончаная. Справядлівасьці не дамагліся, затое парэзалі ці ня большую палову насельнікаў. Жывыя не спраўляліся хаваць мёртвых. А то і не хавалі — такая нянавісьць нават да мёртвых панавала ў народзе. І не хавалі б ніколі, калі б дух ад нежывых целаў ня быў гэткі нясьцерпны. А пахаваўшы, тут жа магілы раўнялі зь зямлёй, каб не засталося і знаку. (Пан Бог, аднак, усё бачыў, для яго ня трэба было адмысловага знаку.)

Былі і яшчэ вялікія, сьвятыя і татальныя войны — за землі, ідэі, нацыянальныя інтарэсы. Былі чатыры вайны за справядлівасьць, тры — за зьняважаную праўду і нават вайна супраць войнаў — можа, самая жорсткая сярод іншых.