Читать «На ўсходзе сонца» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

Раптам блізкая чарга ўгары гулкім грымоццем аддалася ў будынку, у вузкай, як калодзеж, лесвіцы, імкліва рассыпалася над горадам, і байцы ад нечаканасці сталі. Сяржант узняў да грудзей аўтамат, побач укленчыў на прыступках Сінцоў, за ім з раскрытым ротам і наморшчаным старэчым ілбом утаропіўся ўгору Чарняк. I калі яшчэ кулямётнае рэха зусім не заціхла ў гулкім нутры ратушы, зверху загрукацелі таропкія чалавечыя крокі.

Сяржант зірнуў на Сінцова і скамянеў ад увагі, хруснуўшы засцерагальнікам аўтамата. Але крокі прагрукацелі і сціхлі — пэўна, чалавек спыніўся, можа, пачуў што ці проста перамяніў пазіцыю.

Тады сяржант, счакаўшы якіх паўхвіліны, марудна і няёмка, быццам на балючай шыі, павярнуў голаў, зірнуў па чарзе на абодвух падначаленых і коратка кіўнуў Чарняку. Той прывычна падпарадкаваўся, але, ступіўшы крокаў два, чагосьці спыніўся, паглядзеў на сяржанта, і ў гэтым яго позірку востра адбілася нейкая незвычайная жаласлівая знямога.

Угары зноў нехта заварушыўся, ці то аддаляючыся, ці мо спускаючыся, і зноў доўгая кулямётная чарга громам раскацілася ў будынку. Байцы напружыліся, сяржант, на нешта рашаючыся, прыжмурыў вочы. Чарняк абедзвюма рукамі ўзяўся за карабін. I Сінцоў раптам прыпомніў, што Чарняк у гэтую вайпу шэсць разоў паранены, што ў яго дома старая маці і чацвёра дзяцей, а сяржант Вераб’ёў пайшоў на вайну з апошняга курса ўніверсітэта, меў два ордэны Славы і быў разумны, адукаваны чалавек. I баец, нервова перасмыкнуўшы вуснамі і адразу забыўшыся і пра сённяшнюю раніцу, і пра канец вайны, і пра свае клопаты-мары, шырока сігануў угору і апынуўся наперадзе.

Ён хацеў як мага хутчэй дабегчы даверху, не даць ашалеламу недабітку апамятацца і заўважыць іх. Падхопленыя яго парывам, ззаду беглі таварышы. Гумовыя падэшвы ботаў мякка прыглушалі іх крокі.

Кулямётчык з’явіўся раптоўна. Гэта быў нейкі даўгашыі гітлеравец у цыратовым зялёным плашчы — укленчыўшы на запэцканых галубамі прыступках, ён вадзіў у акенцы кулямётным ствалом, збіраючыся націснуць на спуск.

— Хэндэ хох!!! — зычна крыкнуў Сінцоў, і ў той жа момант вораг з дзівосным спрытам адкінуў кулямёт, скочыў угору, і з яго рук грымнулі запар два стрэлы. Сяржант і Чарняк амаль адначасова ўдарылі з двух аўтаматаў — немец бразнуўся на прыступкі, ляснуў аб каменні браўнінг, а пад самыя ногі байцоў ціха, без аніводнага стогну апусціўся раптоўна збялелы Сінцоў.

…Праз пяць хвілін на шырокі ганак ратушы Вераб’ёў і Чарняк вынеслі яшчэ цёплае цела таварыша. Пераскокваючы цераз клумбы сквера, да іх ужо беглі байцы, бег Туркоўскі, камандзір роты, а гэтыя двое моўчкі паклалі трэцяга на сцёрты граніт прыступак і стаялі так, збянтэжаныя і разгубленыя, баючыся зірнуць адзін аднаму ў вочы. Чарняк крактаў усё, пераступаў з нагі на нагу, смаркаўся і размазваў па аброслым твары брудныя пісягі пад вачыма